Чэмпіянат па фотабёрдынгу «Фокус на кулікоў» – 25 траўня

0 2358 10 Май 2019

ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) запрашае на спаборніцтва па фатаграфаванні птушак, якое пройдзе падчас Фестывалю кулікоў у Тураве. Тут знаходзіцца заказнік «Тураўскі луг», які АПБ арандуе для аховы прыроды.

Bekas-Dombrovskij-001-u-fokuse-800.jpg

Бакас. Фота Валерыя Дамброўскага

Што трэба рабіць?

Фатаграфаваць птушак у натуральным асяроддзі! Як? Вось некалькі парад.

А каб перамагчы ў чэмпіянаце, табе трэба за 6 гадзін наздымаць як мага больш розных відаў птушак.

За кожны від удзельніку будуць налічвацца балы. Прычым найбольш балаў за здымак атрымаюць тыя, хто правільна вызначыць від той птушкі.

CHibis-Romanova-800.jpg

Кнігаўка. Фота Т. Раманавай

Як запісацца на чэмпіянат?

Трэба спампаваць форму заяўкі, запоўніць яе і даслаць на адрас levy@ptushki.org.

Заяўкі прымаюцца да 17.00 чацвярга, 23 траўня.

Дазваляецца ўдзельнічаць як індывідуальна, так і ў камандзе з двух чалавек.

Удзел у чэмпіянаце бясплатны. Для адбору фотаздымкаў удзельнікам трэба мець ноўтбук.

Па выніках будуць вызначаныя пераможцы (1-, 2-, 3-е месцы), таксама будзе асобна абраны найлепшы здымак чэмпіянату. Як і на папярэдніх спаборніцтвах, журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць некалькі цікавых фотаздымкаў. Пераможцы атрымаюць сертыфікаты.

У спаборніцтвах можна ўдзельнічаць як на машыне, так і без. Залік будзе асобны. Акрамя таго, гэтым разам не будзе абмежавання па тэрыторыі.

slevymini.jpg

Сямён Левы, каардынатар чэмпіянату па фотабёрдынгу:

Чэмпіянат па фотабёрдынгу ўпершыню пройдзе ў Тураве — адным з найлепшых месцаў для бёрдвочынгу і фатаграфавання птушак. І канец траўня — гэта час, калі вернуцца ўсе птушкі, што зімавалі ў цёплых краінах. За 6 гадзін спаборніцтваў разнастайнасць сфатаграфаваных відаў мусіць быць максімальнай у параўнанні з мінулымі гадамі. Канчатковы вынік шмат у чым будзе залежаць ад таго, як удзельнікі сплануюць свой маршрут і размяркуюць час у дарозе.

Далучайцеся да прыгожага і цікавага захаплення, знаёмцеся з птушкамі бліжэй праз аб’ектыў фотаапарата!

Чэмпіянат па фотабёрдынгу пройдзе ў межах Фестывалю кулікоў.

Праграма чэмпіянату:

24 траўня – заезд удзельнікаў. Кемпінг каля Прыпяці або гасцініца ці аграсядзіба.

25 траўня – 7:00 – 13:00 спаборніцтвы.

13:00 – 14:00 абед.

14:00 – 18:00 адбор фотаздымкаў і перадача іх журы.

17:00 – 22:00 праца журы, абмен уражаннямі паміж удзельнікамі.

26 траўня – 11:00 – 12:00 узнагароджванне пераможцаў і прызёраў.

Глядзіце таксама праграму фестываля 25-26 траўня.

Спампаваць правілы чэмпіянату.

Perevozchik-Romanova-800.jpg

Кулік-перавозчык. Фота Т. Раманавай

Прызёрам чэмпіяната ў абедзвюх галоўных намінацыях прапануюць на выбар тры прызы:

Сертыфікат «Вечар на дубальтавым току» ад Тураўскай станцыі кальцавання птушак: арніталагічная экскурсія з арнітолагам у пойме Прыпяці і фатаграфаванне дубальтаў падчас току з засідкі (травень — чэрвень).

Сертыфікат «Птушкі Сасновага Бору» ўключае наведванне станцыі кальцавання птушак «Сасновы Бор» (в. Сасновы Бор, Расонскі р-н, Віцебская вобл.) і ўдзел у ловах і кальцаванні птушак. Сертыфікат забяспечвае адзін дзень бясплатнага пражывання і харчавання на сядзібе «Заімка Лесуна», дзе і месціцца станцыя.

Сертыфікат «Кальцо вялікага арляца» дае магчымасць праехаць з камандай спецыялістаў па самых «дзікіх» кутках Беларусі, дзе яшчэ захаваліся месцы жыцця вялікага арляца – віду драпежных птушак, які знікае ва ўсім свеце, — для пошуку гнёздаў і кальцавання птушанят.

Калі і як можна будзе скарыстацца сертыфікатамі, будзе абмеркавана індывідуальна з кожным іх атрымальнікам.  

 

Крынiца: ptushki.org

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.