Лёс рысі: ці выключаць яе з Чырвонай кнігі?

0 433 11 Окт 2019

У жніўні, пасля таго, як быў абнародаваны ліст Мінлясгаса ў Савет Міністраў, у якім яно выступае за ўключэнне рысі ў спіс паляўнічых відаў, актыўныя грамадзяне запусцілі петыцыю ў абарону рысі. Яе падпісалі 4590 чалавек.

Днямі на петыцыю прыйшлі адказы з Мінпрыроды і Мінлясгаса. Як глядзяць на праблему ў міністэрствах?

У Мінпрыроды тлумачаць, што няма прычын перажываць, што рысь выключаць з нацыянальнай Чырвонай кнігі Беларусі, бо гэта магчыма толькі на падставе адпаведных прапановаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. А іх няма, бо маніторынгу і даследаванняў па вывучэнні стану папуляцыі рысі ў патрэбным аб’ёме не праводзілася. Мінпрыроды паведаміла, што будзе разглядацца пытанне аб павелічэнні фінансавання такіх даследаванняў.

mpr.jpg

Мінлясгас жа тлумачыць сваю логіку клопатам пра папуляцыю рысі: маўляў, паляўнічыя віды жывёл знаходзяцца пад большым кантролем, чым рэдкія, а кантроль дазваляе кіраваць папуляцыяй больш эфектыўна. Таксама ў міністэрстве звярнулі ўвагу, што колькасць аленяў і казуль за апошнія гады значна вырасла, а гэта, на думку Мінлясгаса, прывяло да росту колькасці рысі. Міністэрства выступае за тое, каб, калі станоўчыя трэнды пацвердзяцца даследаваннямі, разгледзець пытанне аб змене статусу гэтага віду.

mlh.jpg

Дзівіць тое, што паляўнічыя Мінлясгаса, прылічваючы аленя і казулю да важных аб’ектаў харчавання рысі ў Беларусі, ігнаруюць карэляцыю росту колькасці казулі і рысі (колькасць аленя нарошчваецца ў нас штучна): менавіта рысь, магчыма, спрыяе росту колькасці казулі, а не наадварот. І гэта вытлумачальна.

Так, у плане кіравання рыссю гаворыцца: “У Беларусі рысь даволі часта забівае лісіц і янотападобных сабак, каля траціны якіх (31 % лісіц, 28 % янотападобных сабак) часткова імі паядаліся. У сярэднім адна рысь забівае за год 23 лісіцы і 12 янотападобных сабак. Апошнія за год спажылі б не менш за 14 глушцоў, 44 цецерукі, 220 арабкоў, 78 качак-крыжанак і іншых вадаплаўных птушак, 171 маладога зайца і 20 маладых казуль”.

Значыць, забіваючы лісіц і янотападобных сабак, рысь захоўвае ў 3-4 болей жывёл, чым трэба для харчавання ёй самой. Даследаванні 2005-2008 гадоў у Паазерскай пушчы паказалі, што адна рысь там за год здабывала ў сярэнім 47 зайцаў, 7 баброў, 6 казуль, 2 дзікі, 2 глушцы, 6 цецерукоў, 83 арабкі.

Таму рысей асабліва многа ў багатых на дзічыну беларускіх гаспадарках, бо рысі сваімі звычкамі і харчовымі паводзінамі памнажаюць яе колькасць.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ“Апошні спіс відаў для Чырвонай кнігі быў прыняты 9 чэрвеня 2014 года. Гэта значыць, што да 2022-2023 гг. навукоўцам, дзяржаве і нам трэба знайсці грошы для правядзення падлікаў рысей, мядзведзяў і барсукоў – і правесці гэтыя падлікі. Інакш паляўнічыя падлічаць самі…”

Алеся Башарымава, ptushki.org


Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.