Як уратаваць птушак ад сутыкненняў з шыбамі?

0 185 4 Сен 2020

Ідзе восеньская міграцыя птушак, падчас якой яны часта сутыкаюцца з шыбамі і гінуць. Эфектыўнае рашэнне прапаноўвае Джэф Акапян з ЗША. Так званыя “Ахоўныя фіранкі Акапяна” (Acopian BirdSavers) можна зрабіць самастойна.

Ахоўныя фіранкі Акапяна

Ахоўныя фіранкі Акапяна

— Упершыню мы зрабілі ратавальнікі птушак Акапяна ў сярэдзіне 1980-х гадоў, — расказвае Джэф. — Наша сям’я складаецца з інжынераў і натуралістаў, і мы вельмі перажывалі, калі птушкі разбіваліся аб нашы вокны, прычым гэта былі заўсёды рэдкія віды, якіх жыўцом мы нават ніколі не бачылі. Таму мы вырашылі прыдумаць выйсце, каб гэта спыніць. Першыя ахоўныя фіранкі Акапяна мы зрабілі з папулярных шмат гадоў таму стылёвых фіранак з пацеркамі. Мы разабралі пацеркі па адной нізцы і павесілі іх на адлегласці 10 см адну ад адной перад акном. Самая першая спроба прынесла цудоўныя вынікі. Спрацавала! Хоць нашы пакоі трошкі нагадвалі дом хіпі з гэтымі пацеркамі за шыбамі, але гэта было лепей, чым калі б птушкі забіваліся.

Дзякуючы такім пацеркавым фіранкам у наступныя гады ніводная птушка не разбілася аб шыбу сям’і Джэфа. Але паступова пацеркі пачалі псавацца, і сям’я не змагла знайсці іншых, каб іх замяніць. Наступныя ахоўныя фіранкі зрабілі з тонкіх бамбукавых палак. Яны таксама дапамагалі, але выглядалі горш за “пацеркі”. Урэшце Акапяны пачалі эксперыментаваць з парашутнымі шнурамі. Выявілася, што яны цудоўна перасцерагаюць ад сутыкненняў з шыбамі і да таго ж добра выглядаюць. Іх лёгка вешаць на вокны і лёгка здымаць.     

Як зрабіць ахоўныя фіранкі Акапяна?

  • Вазьміце парашутны шнур цёмнага колеру дыяметрам каля 1/8″.    
  • Павесьце парашутныя шнуры за акном вертыкальна, прымацаваўшы іх над шыбай на адлегласці каля 10 см адзін ад другога.
  • Калі не даспадобы тое, што шнуры гайдаюцца ад ветру, ніжнюю частку шнуроў можна замацаваць унізе пад шыбай. Шмат каму падабаецца, калі шнуры заканчваюцца на адлегласці 5 см над ніжняй мяжой шыбы.

Ахоўныя фіранкі Акапяна

Шнуры мацуюцца на адлегласці 10 см адзін ад аднаго


Ахоўныя фіранкі Акапяна атрымалі шмат станоўчых водгукаў.

— Я біёлаг, даследчык дзікай прыроды ў Інстытуце Крэйгхэд у Бозмэн, штат Мантана, — кажа Брэнт Л. Брок. — Некалькі тыдняў таму я зрабіў крыху мадыфікаваную версію ахоўных фіранак Акапяна і павесіў на некалькіх вокнах у нашым доме, дзе раз на тыдзень як мінімум адна птушка разбівалася аб шыбы і гінула, а сутыкненні здараліся штодзень. Пасля таго, як я павесіў ахоўныя фіранкі, не было ніводнага сутыкнення і ніводнай мёртвай птушкі.   

А зрабіць іх я вырашыў таму, што ёсць правераныя дадзеныя навуковых эксперыментаў, якія даказваюць іх эфектыўнасць. Да таго ж, яны выглядаюць нашмат лепей, чым іншыя сродкі для прадухілення сутыкнення птушак з шыбамі. Я рэкамендую гэты метад усім, каму трэба абараніць птушак ад гэтай небяспекі.   

Сюзэт Мэйнлі з Арызоны таксама дзеліцца сваім досведам:

— Шнуры вельмі непрыкметныя, не прыцягваюць увагі ні знутры, ні звонку, і ўсе выказваюцца пра іх толькі станоўча. Яны не забруджваюцца і, калі іх гайдае вецер, не пераплятаюцца паміж сабой.


Ахоўныя фіранкі Акапяна на будынку Чыкагскага ўніверсітэта

Ахоўныя фіранкі Акапяна на будынку Чыкагскага ўніверсітэта


Як яшчэ можна ўратаваць птушак ад сутыкненняў з шыбамі?

Каб абараніць птушак ад сутыкненняў з шыбамі, АПБ таксама раіць павесіць на вокны фіранкі або жалюзі, захінаць шторы перад сыходам з дома, выключаць святло, калі яно не патрэбнае, наляпіць звонку на шыбы шмат каляровых налепак, найлепш чырвоных ці аранжавых, на адлегласці 10-15 см адна ад адной. Форма налепак няважная: яны могуць быць у выглядзе птушак, зорак ці проста геаметрычных фігур. Задача налепак – зрабіць шыбу заўважнай для птушак.


Птушкі  добра бачаць ультрафіялетавае святло, таму дзіцячымі фламастарамі з УФ-чарнілам можна замаляваць усё акно звонку і пры гэтым яно застанецца празрыстым, як і было.

Калі птушка ўсё ж наляцела на шыбу і ляжыць нерухома, можа быць, яна толькі аглушаная. Пакладзіце птушку ў цёмную скрынку на гадзіну, і калі яна ачуняе – выпусціце на волю.

Источник: ptushki.org

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.