На балоце Мох пабудавалі штучныя гнёзды для скапы

0 348 4 фев 2021

Балоты – важныя месцы пражывання многіх відаў жывёл і раслін. Напярэдадні Дня водна-балотных угоддзяў, які адзначаецца 2 лютага, Рабочая група АПБ па сокалападобных і совападобных зладзіла “скапіную” экспедыцыю на балота Мох.

Межы рэспубліканскага гідралагічнага заказніка «Балота Мох» амаль цалкам супадаюць з межамі Тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП) «Цікіны астравы». 

ТВП была выдзелена для двух відаў птушак, якія ў значнай колькасці засялялі балота: чорнага бусла (10 пар) і скапы (5 пар). Ацэнка колькасці птушак давалася 15-20 гадоў таму, цяпер жа становішча катастрафічна змянілася. Падчас абследавання балота і лясоў не было знойдзена ніводнага гнязда чорнага бусла. Таксама высветлілася, што вядомыя два гнязды скапы, перададзеныя пад ахову ў лясгас шмат гадоў таму, больш не існуюць на старых месцах, новых паблізу таксама не было заўважана. Усё гэта сведчыць аб тым, што статус ТВП пад пагрозай.

Балота Мох

Сябры Рабочай групы АПБ па сокалападобных і совападобных прапанавалі варыянт вырабу штучных платформ для скапы ў месцах, дзе яна раней гнездавала, і ў тыповых месцах. Такі вопыт ужо быў у Беларусі: скопы з ТВП «Чырвоны Бор», «Асвея» і «Казьяны» шмат гадоў выхоўваюць птушанят на платформах, пабудаваных людзьмі. Верагоднасць абвалу такіх гнёздаў значна ніжэйшая, чым натуральных.

Напрыканцы студзеня ідэя стварэння штучных месцаў гнездавання для скапы ажыццявілася. У розных кутках балота былі пабудаваны чатыры платформы на адлегласці, якая дазваляе адразу чатыром парам скоп загнездавацца.

Платформа для скапы на балоце Мох. Фота Дзяніса Кіцеля

Падчас экспедыцыі была зроблена вельмі прыемная знаходка – натуральнае гняздо скапы. Яна сведчыць, што не ўсе скопы зніклі з балота, і шанцы на іх вяртанне ёсць!

Гняздо скапы на балоце Мох. Фота Дзяніса Кіцеля

Гняздо скапы на балоце Мох. Фота Дзяніса Кіцеля

На вясну і лета плануецца праверка платформ і знойдзенага гнязда, а таксама назіранні з дапамогай трубы і бінокляў, каб пацвердзіць існаванне пар, гнёзды якіх, магчыма, не атрымалася яшчэ адшукаць.

Тэкст, фота: Дзяніс Кіцель, старшыня РГСС

Падтрымайце працу па захаванні драпежных птушак! Зрабіце ахвяраванне на спецыяльны рахунак АПБ BY70BPSB31351049261149330000 праз пошту, банк ці адвольны плацеж праз АРІП (ЕРИП). Прызначэнне плацяжу: ахвяраванне.

Источник: ptushki.org

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.