Палескае золата. Як здабыча бурштыну ператварае лясы ў пустыню

0 737 26 май 2021

Бурштын – гэта каштоўнасць не толькі Балтыйскага мора, але і нашага Палесся. Па якасці палескі бурштын нават перавышае балтыйскі. У яго больш розных адценняў, за што камень любяць ювеліры і рукадзельнікі. Падчас усплёску попыту ў 2012-2014 гадаў кошт за кілаграм 100-грамовага бурштыну дасягаў $8000. З-за наплыву старацеляў на поўначы Украіны вельмі шмат незагойных ран, якія засталіся пасля здабычы. Зялёны партал з’ездзіў у Ровенскую вобласць і паглядзеў, як ідуць легальныя і нелегальныя раскопкі. 

Ровенскаму бурштыну больш за 50 мільёнаў год. Ён утварыўся, калі на тэрыторыі сучаснай Беларусі было мора, а ва Украіне – суша. Падчас руху ледавіка частка бурштыну апынулася і на нашай тэрыторыі. Выкапень можна знайсці ў Драгічынскім, Бярозаўскім, Пінскім, Столінскім, Лунінецкім і Жабінкаўскім раёнах. Але не ў такіх маштабах, як ва Украіне. Самым перспектыўнымі лічуцца залежы паміж Жабінкай і Кобрыным. Там на глыбіні ад двух да пяці метраў знаходзяцца каля 2,5 тон бурштыну.

Ва Украіне сталіца бурштынавай ліхаманкі – гэта пасёлак Клёсаў Ровенскай вобласці. Там пра бурштын ведалі яшчэ ў 1930-я гады – да таго, як яго знайшлі ў Жытомірскай і Валынскай абласцях.

Пад Клёсавам ёсць некалькі гранітных кар’ераў. Украінскі шчыт, які працягваецца наўскос праз ўсю краіну да Азоўскага мора, пад Клёсавам выходзіць бліжэй за ўсё да паверхні. Палякі ў 1930-я гады пачалі тут дабываць граніт. Але, каб да яго дакапацца, трэба зняць верхні слой зямлі – а ён усюды з бурштынам, бо той знаходзіцца на глыбіні 0,5-12 м.

Але той бурштын не цаніўся, і ім мясцовыя жыхары проста распальвалі печы.

Пасля вайны ў 50-я ў Клёсаве пачынаюць больш актыўна дабываць граніт і рыюць пяць кар’ераў. Увесь бурштын, які здымалі з паверхні, складзіравалі разам з непатрэбнай верхняй пародай. Там ён ляжыць і дагэтуль.

У 1977 па 1990 год бурштын тут дабывала і дзяржаўная арганізацыя – “Укрзахадкварцсамацветы”, якая знаходзілася ў Ноўгадзе-Валынскім (Жытомірская вобласць). У 1980-я за бурштынам сталі прыязджаць палякі і набываць яго ў мясцовых жыхароў, але кошт быў невысокі, ды і бралі яны няшмат.

Ва "Укрзахадкварцсамацветаў" была геолагавыведка, таму яны ведалі, дзе капаць. А мясцовыя жыхары арыентаваліся на гранітныя кар’еры.

А ў 1990-я клёсаўцы адчулі ўсвесь цяжар перамен. З 15 заводаў у пасёлку застаўся працаваць толькі адзін. Іншых варыянтаў, акрамя як нелегальна капаць бурштын, у многіх проста не засталося. На той час тэхналогія здабычы была такая: прыходзіш і капаеш. Каб даведацца, ці ёсць у зяблі бурштын, білі “коркі”. У такіх адмецінах уся зямля на 15-20 км вакол Клёсава. Звычайны сезон капачоў з восені па вясну: у грунце шмат вільгаці, якая падымае бурштын да паверхні. На распрацоўкі ішлі і дзеці.

Выкопванне не прыносіла вялікай шкоды прыродзе. Хутчэй такі спосаб быў больш небяспечным для чалавека: многія падалі ў ямы і гінулі, заваленыя пяском.

Закінутая яма, з якой вымывалі бурштын гідраспосабам. Па шлангу падавалася вада

Закінутая яма, з якой вымывалі бурштын гідраспосабам. Па шлангу падавалася вада

Але ў 1996 годзе з Польшчы на Палессе прывезлі гідраспосаб здабычы бурштыну. Гэта стала паваротным момантам і для людзей, і для экасістэмы. Палессе пачало ператварацца ў пустыню.

Справа ў тым, што на Палессі распаўсюджаны пясчаныя глебы і сасновыя лясы (бо ў такой зямлі, акрамя сасны, мала што можа ўтрымацца). Яны вельмі неўстойлівыя: верхні слой грунту тонкі, у ім мала арганічнага рэчыва – разбурыць яго вельмі лёгка пры любой дзейнасць чалавека. Узмацняюць сітуацыю яшчэ хімічныя працэсы: калі хвоя падае з сосен і раскладаецца, атрымліваецца кіслата, якая вымывае пажыўныя рэчывы.

Гідраспосаб здабычы падымае ўвесь кіслы грунт наверх. Па тэхналогіі, моцны ціск вады вымывае бурштын разам з грунтам на паверхню з глыбіні 8-10 метраў. Такім чынам можна дабыць каля 30% залежаў.

Калі кіслы грунт застаецца на паверхні, атрымліваецца пустыня, на якой нічога не расце. У лепшым выпадку тут затрымліваецца вярба, якая вельмі павольна забівае кіслотнасць. У невялікіх вадаёмах побач таксама пуста: вада кіслая.

Мясцовыя жыхары кажуць, што, калі туды кінуць алюмініевую лыжку, праз два тыдні ад яе нічога не застанецца.

Здабыча бурштыну пад Клёсавам дасягнула апагею у 2012-2014 гады. Тады ва Украіну прыехалі кітайцы і пачалі яго скупаць.

Кошт вырас да $8 000 за кілаграм. За ноч можна было зарабіць $20 000 – 30 000 – палова кватэры па сённяшніх мінскіх мерках.

Калі прыйшлі грошы, прыехаў і ўвесь крымінал краіны. Штрафы за незаконную здабычу былі мізерныя ў параўнанні з прыбыткам. Уся тэрыторыя, дзе можна было здабыць бурштын, была падзелена не толькі паміж самімі старацелямі, але і паміж праваахоўнымі органамі, якія іх пакрывалі. Мясцовыя жыхары кажуць, што ў справе была і пракуратура, і СБУ, і міліцыя. Здабыча бурштыну зноў стала асноўным заробкам для мясцовых жыхароў.

Дзяржава сама спрабавала легальна тут дабываць бурштын. З 1990-х і прыкладна па 2019 год пад Клёсавам працаваў “Укрбурштын”. Яны паставілі шагаючы экскаватар, які даставаў грунт, і далёй прамывалі пясок на спецыяльных устаноўках – такім чынам можна дастаць 70% залежаў. Але неяк яны сышлі ў мінус – і ў 2019-м закінулі сваю працу.

Закінутая пляцоўка, дзе ішла легальная здабыча.

Закінутая пляцоўка, дзе ішла легальная здабыча.

Фактычна з 90-х да 20-х дзяржава страціла кантроль над гэтай тэрыторыяй. Але пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў усё пачало вяртацца ў межы закона.

Цяпер участкі пад здабычу бурштыну можна набыць афіцыйна на аўкцыёне. Новы ўладальнік абавязваецца не толькі дастаць увесь бурштын, але і рэкультываваць зямлю пасля сваёй работы: аднавіць грунт і высадзіць лес. Адпаведны закон быў прыняты ў 2019-м. Зараз на аўкцыён выстаўляюць пашкоджаныя ўчасткі, дзе раней вялася распрацоўка. З тымі, што зараз пад лесам, ёсць адна праблема: закон не рэгулюе, што рабіць з раслінамі на грунце, і ў выніку пакупнікі ўступаюць у канфлікт з леснікамі, што тармозіць працэс.

Людзі пачалі баяцца нелегальна дабываць бурштын, бо у крымінальным кодэксе з’явіўся артыкул 240-1 “Незаконная здабыча, збыт, набыццё, перадача, перасылка, перавозка, перапрацоўка бурштыну”. Цяпер можна паехаць за краты на тэрмін да сямі гадоў, а пры выкарыстанні службовага становішча – да васьмі.

Грошы ад продажу ўчасткаў ідуць у грамаду, то бок мясцовыя жыхары застаюцца ў плюсе. Адзін участак можа каштаваць у раёне 3-4 мільёнаў грывень ($110 – 146 тысяч) – цана залежыць ад плошчы і ацэнак, колькі там знаходзіцца бурштыну.

Зараз многія, хто раней нелегальна здабываў бурштын, паехалі на працу ў Польшчу, некаторыя працуюць на распрацоўцы гранітнага кар’ера. Але мясцовы жыхар кажа, што насельніцтва пасёлка не памяншаецца – трымаецца на адзнацы 7000 чалавек. Увогуле Клёсаў вельмі развіты: там ёсць бальніца, гандлёвы цэнтр, гатэль, школа-ліцэй – уся інфраструктура. Тут з’явілася і турфірма “Бурштынавыя капальні”, якая возіць людзе паглядзець на месцы, дзе здабывалі бурштын, і імкнецца палепшыць імідж пасёлка.

У той жа час дагэтуль не апублікавана афіцыйная лічба, колькі земляў было парушана з-за незаконнай здабычы бурштыну. Па ўсёй Украіне гэта будзе каля дзесяткаў тысяч гектараў. Такія раны будуць загойвацца не адно дзесяцігоддзе. І нелегальная здабыча, хоць не мае такі масавы характар, як раней, але яшчэ жыве.

Источник: greenbelarus.info

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.