«Птушкі будуць урэзвацца ў шкляныя сцены і гінуць». Што пагражае заказніку «Лебядзіны»?

Мiнгарвыканкам зацвердзіў праект забудовы тэрыторыі каля заказніка «Лебядзіны» ў Менску, прапанаваны на грамадзкае абмеркаванне ў 2018 годзе.
Што прапісана ў праекце забудовы
На Нацыянальным прававым партале pravo.by апублікавана рашэнне рашэнне Мінгравыканкаму аб зацьвярджэнні горадабудаўнічага праекта «Карэкціроўка горадабудаўнічага плану дэтальнага планаваньня тэрыторыі ў межах: праспект Пераможцаў — МКАД — вуліца Ціміразева — вуліца 4-е кальцо (мяжа жылога раёну Лебядзіны)».
Апорны план (як выглядае тэрыторыя цяпер)
Так будзе выглядаць тэрыторыя пасля забудовы
Паводле гэтага дакумента, жыллё будзе будавацца каля заказніка “Лебядзіны” уздоўж вуліц Ціміразева і Ратамскай “у асноўным на экалагічна парушаных тэрыторыях і трансфармуемых землях ТАА “Гандлёвы дом „Ждановічы“. З тэрыторыі пад будаўніцтва вынесуць рэчавы рынак ужываных тавараў “Поле цудаў”, гандлёвае мястэчка “Лебядзіны”, гандаль плодаагародніннай прадукцыяй, стаянкі аўтатранспарту.
На тэрыторыі ўздоўж Ратамскай вуліцы будзе жылая забудова шматкватэрнага і часткова сядзібнага тыпу з гандлёва-бытавымі аб’ектамі і фізкультурна-спартыўным комплексам (будуецца комплекс “Алімпік-Парк”).
У межы праекту ўключаны гатэль на скрыжаванні праспэкта Пераможцаў і МКАД, які будуе кампанія СТАА «Тэхапрофітсіціінвестмент», жылая і грамадская забудова комплексу «Алімпік-Парк» і планаваны жылы комплекс па вуліцы Ціміразева.
Фонд забудовы будзе складацца з жылой шматкватэрнай забудовы ў 115,5 тысячы квадратных метраў, жылой сядзібнай — 6,1 тысячы квадратных метраў, і грамадскай — 74 тысячы квадратных метраў.
Як гаворыцца ў дакумэнце, шэраг рашэнняў тычыцца, сярод іншага, карэкцыі межаў заказніка «Лебядзіны» і рэалізацыі інвестпраекта па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу кампаніі «Тапас».
Па даручэнні, якое кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка даў Мінгарвыканкаму, будзе таксама сфармаваны інвестыцыйны ўчастак для будаўніцтва жылога комплекса з абʼектамі сацыяльна-гарантаванага прызначэння па вуліцы Ціміразева на тэрыторыі гандлёвага дому «Ждановічы».
Тэрыторыя праекту размешчаная ў прыродным каркасе Мінску (зона з высокім прыродна-экалагічным патэнцыялам уздоўж сістэмы вадацёкаў у межах водаахоўных тэрыторый) і ў экалагічным калідоры 1-га парадку (водна-зялёны дыямэтр ракі Свіслач), які забяспечвае санацыю паветранага басейна горада. Таксама ў межах праекту — прыродная тэрыторыя рэспубліканскага біялагічнага заказніка «Лябядзіны», якая знаходзіцца пад асаблівай аховай.
Вакол заказніка «Лебядзіны» плануецца:
- паставіць жывую агароджу з шчыльных калючых кустоў з боку жылых кварталаў, якая будзе перашкаджаць пранікненню хатніх жывёл на тэрыторыю заказніка;
- усталяваць шумаахоўныя экраны ўздоўж МКАД;
- зрабіць экалагічныя сцежкі, пешаходныя і роварныя дарожкі, месцы адпачынку, каб лакалізаваць адпачывальнікаў на дапушчальных рэкрэацыйных участках;
- зніжэнне павярховасці забудовы ад 7 да 3 паверхаў пры набліжэнні да тэрыторыі заказніку;
- пазбягаць выкарыстання шкляных і асабліва люстраных аздобных матэрыялаў для забудовы.

«Тапас» выйграў, грамадства прайграла
Паводле кіраўніка таварыства «Горад для гараджан» Дзяніса Кобрусева, зацверджаны Мінгарвыканкамам праект быў распрацаваны ў 2018 годзе, і ён легітымізуе сітуацыю, якая ўжо склалася на сённяшні момант.
Паводле Дзяніса Кобрусева, цяпер на ўзроўні горадабудаўнічай дакумэнтацыі ў забудоўшчыка ня будзе ніякіх праблемаў.
«Ён правядзе ўсе даклады па ўздзеянні на навакольнае асяроддзе, будзе мець зацверджаны праект дэталёвага планавання, і ўсё. І на ўзроўні заканадаўства грамадскасці не будзе як чапляцца да таго, што там робіцца».
Раней ужо прайшлі грамадскія слуханні адносна будаўніцтва рэстарацыі каля заказніка ў той час, калі сам аб’ект фактычна пабудаваны.
«Так, гэта было зроблена задняй датай, калі рэстарацыя ўжо гатовая. Цяпер у забудоўшчыкаў ужо рукі развязаныя. Цяпер не будзе нейкай магчымасці сказаць, што ён нешта парушае.
Забудоўшчык можа цяпер у межах дэталёвага праекту рабіць усё, што ён хоча, што абазначана ў гэтым праекце. Але часткова і змяняць свой праект, калі гэта не будзе парушаць дэталёвы план. Напрыклад, пабудаваць нешта іншае, большае. То бок «Тапас“ з гэтай сітуацыі выйшаў у выйгрышы, а грамадства і заказьнік — у мінусе», — сказаў Дзяніс Кобрусеў.
Раней адміністрацыя Цэнтральнага раёна Мінска абвясціла, што грамадскае абмеркаванне справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе «абʼекта грамадскага харчавання з добраўпарадкаваннем прылеглай ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны ў раёне праспэкта Пераможцаў — вуліцы Ратамскай» мае прайсці з 14 жніўня па 13 верасня. Комплекс ужо гатовы на 80%.
Як вынікае са справаздачы, Мінгарвыканкам 12 красавіка 2019 года зацвердзіў акт выбара месца размяшчэння зямельнага ўчастку плошчай 3,9957 га без выхада ў акваторыю возера «Лебядзінае».
«У нас застаецца прапанова стварыць адміністрацыю заказніка»
«З прычыны вялікай колькасці людзей вакол «Лебядзінага» там стане значна больш наведвальнікаў, і калі там будуць рабіць пікнікі, гэта будзе адмоўна ўплываць на тэрыторыю заказніка. Таму ў нас была і застаецца прапанова стварыць адміністрацыю заказніка, якая магла б кіраваць тэрыторыяй і займацца захаваннем відаў і маніторынгам, выкананнем неабходных правілаў», — сказаў Канстанцін Чыкалаў.
Таксама эколагаў хвалююць самі будынкі, якія выкарыстоўваюць многа шкла. А гэта небяспечна для птушак.
«Заказнік ствараўся найперш для захавання некалькіх відаў птушак. Таму вялікія шкляныя сцены могуць негатыўна паўплываць на іх падчас міграцыі. Птушкі будуць проста ўрэзвацца ў гэтыя шкляныя сцены і гінуць. Мы прапаноўвалі адмовіцца ад шкляных пабудоў.
На жаль, павялічваецца павярховасць пабудоў. Застаецца той самы прынцып: забудоўшчыкі атрымліваюць дазвол на забудову, усё ўзгадняецца, а праз два гады, калі пабудова здаецца, мы бачым зусім іншы выгляд», — кажа Канстанцін Чыкалаў.
Паводле Канстанціна Чыкалава, ён пакуль не бачыў дакладнага плану таго, як будуць выглядаць экасцяжыны. Прадстаўнікі «Тапаса» не звярталіся ў «Багну» па кансультацыі. Канстанцін Чыкалаў сказаў, што «Багна» звярнулася да ўладаў з прапановай правесці грамадскі сход адносна ўздзеяньня на навакольнае асяроддзе рэстарана, які будуе каля заказніку «Тапас». Але адказу пакуль няма.
«Таксама мы звярнуліся да ўладаў з просьбай правесці незалежную экалагічную экспэртызу праекта, бо была парушаная паслядоўнасць дзеянняў па рэарганізацыі заказніка. То бок пачалася забудова, а ўжо пасля гэтага былі змененыя межы заказніка. Па заканадаўстве гэта парушэнне».
Як адразалі зямлю ад заказніка
Адразаць зямлю ад «Лебядзінага» пачалі яшчэ ў 2014 годзе. Спачатку пастановай Савету Міністраў ягоную тэрыторыю зменшылі на 8 гектараў.
У лютым 2018 году Аляксандар Лукашэнка ўнёс змены ў генплан Мінску. Ад ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны адарвалі яшчэ 3,45 га ў раёне вуліц Ціміразева — Ратамскай. Частку гэтых земляў перадалі кампаніі «Тапас», якая згодна з указам 2014 года будуе жылыя комплексы «Браслаўскі» і «Алімпік-парк» побач з заказнікам (у межах праспекта Пераможцаў, вуліц Браслаўскай і Ціміразева). Тамсама паўстала і лядовая арэна, на якой гуляюць у хакей Лукашэнка і каманды аматарскай лігі прэзідэнцкага спартовага клюбу.
Зямельныя ўчасткі «Тапас» атрымаў без аўкцыёну, далі яму і розныя льготы. Сярод іншага, Лукашэнка дазволіў «выдаляць абʼекты расліннага свету без правядзення кампенсацыйных пасадак» і «ажыццяўляць зняцце ўрадлівага пласта глебы». Комплексы дабудуюць у 2019 годзе.
Калі ў канцы 2018 году высветлілася, што «Тапас» будуе «шматфункцыянальны комплекс» на землях, якія ўсё яшчэ ўваходзяць у тэрыторыю заказніка, Лукашэнка падпісаў яшчэ адзін указ, які дадаткова зменшыў межы «Лебядзінага».
ТАА «Тапас» — адзін з найбуйнейшых забудоўшчыкаў Менску. Узначальвае кампанію вядучы хакеіст прэзідэнцкай каманды Павал Белы.
Аўтар: Алесь Дашчынскі
Крынiца: svaboda.org
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.