Здаровы лад жыцця і ахова прыроды – сярод прыярытэтаў устойлівага развіцця Міёршчыны

0 799 9 мар 2021

У лютым 2021 года на Міёршчыне пачата рэканструкцыя двух буйных сацыяльных аб'ектаў: экалагічнай сцежкі на балоце “Ельня” і спартыўнай залы гарадскога спарткомплексу. Гэта ажыццяўляецца дзякуючы праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Міёрскім райвыканкамам у партнёрстве з ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Латвійскім сельскім форумам.

   

Экасцежка па найбуйнейшым верхавым балоце Беларусі пабудавана яшчэ ў 2014 годзе. Яе даўжыня 1,5 км. Аднак пачатак сцежка бярэ не ад мяжы заказніка. Да яе трэба пераадолець яшчэ каля кіламетра, а ў міжсезонне і дажджы гэта вельмі складана зрабіць.

“Ідэя падоўжыць экасцежку даўно існавала ў думках, і добра, што ў рамках праекта мы здолеем яе ажыццявіць”, – адзначыла тэматычны каардынатар па “зялёнай” інфраструктуры праекта Марына Гернат.

Працяг знакамітага драўлянага насцілу экалагічнай сцежкі “Азяраўкі-Ельня” дазволіць не толькі прывабіць у заказнік яшчэ больш наведвальнікаў, але і палегчыць выйсце да сцежкі маламабільнай групы людзей.

На тэрыторыі заказніка ў рамках праекта таксама з’явіцца месца для адпачынку. Для гэтых мэтаў усталяваны драўляны навес. Да пачатку летняга турыстычнага сезона паставяць кантэйнеры для смецця і інфармацыйныя ўказальнікі.

У рамках праекта таксама вядзецца капітальны рамонт гарадской спартыўнай залы фізкультурна-спартыўнага клуба “Міёры”. Аб'ект у першую чаргу важны для мясцовых жыхароў. Тут праходзяць заняткі для дзяцей і дарослых па футболу, валейболу і лёгкай атлетыцы, а таксама раённыя і абласныя спаборніцтвы.

Здаць у эксплуатацыю спартыўную залу плануецца 25 сакавіка, адзначыў тэматычны каардынатар па развіцці спорту Уладзіслаў Уткін.


Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.