Жывая вясна-2019: Беларусь трэцяя з 58 краін-удзельніц!
Сёлета з усіх краін-удзельніц на сайт кампанii «Жывой вясны» паступіла 18626 назіранняў. Ад нашай краіны — 2703. Беларусь, як і летась, заняла 3-е месца. На першым месцы — Расiя (4364 назіранняў), на другім — Ірландыя (3276 назіранняў).
Падчас міжнароднай кампаніі ўдзельнікі заносілі на інтэрактыўную карту свае першыя сёлетнія назіранні птушак — вястунняў вясны: белага бусла, ластаўкі-зямлянкі, гарадской і вясковай ластавак, свіргуля, шчуркі-пчалаедкі і зязюлі. Чым больш на карту дадавалася назіранняў, тым больш насычаны рабіўся колер краіны. Так мы назіралі, як вясна прыходзіць у розныя краіны.
«Жывая вясна» — міжнародны праект, які ставіць мэтай прыцягнуць увагу і цікавасць дзяцей і дарослых да прыроды і да захавання пералётных птушак. Птушкі, якія адлятаюць у вырай, вясной пераадольваюць тысячы кіламетраў на цяжкім шляху дадому. Кампанія расказвае, якія перашкоды сустракаюцца на шляхах птушак і як мы можам дапамагчы. У Беларусi яе заўсёды праводзiць ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).
Штогод мы атрымліваем дзясяткі лістоў з самымі кранальнымі гісторыямі — на працягу кампаніі ўдзельнікі дзеляцца ўражаннямі ў Вясновым блогу:
Сяргей, Мінская вобласць: «Стрыж, дарослая асоба, ляжаў на асфальце з распраўленымі крыламі і адкрытай дзюбай. Мабыць, абязводжаны і стомлены. Забралі дадому, адпаілі вадой, ноч пераначаваў дома. Паводзіў сябе вельмі ціха. Выпусцілі а сёмай раніцы, узляцеў з другога разу з зямлі, у рукі ўзяць сябе не дазволіў».
Ганна, Віцебская вобласць: «Ужо не першы год прылятаюць гэтыя анёлы ў гняздо ля царквы святой Параскевы. Сёлета выявіла, што тут жывуць не толькі буслы, але на «ніжніх узроўнях» і сям’я вераб’ёў».
Аляксей, Брэсцкая вобласць: «Гэта было не назiранне, а хутчэй акустычнае адчуванне. Зязюлю наўрадці з кім паблытаеш. Зафіксавана было на мяжы Баранавіцкага і Наваградскага раёнаў. Пасля поўдня, гадзін у 15-17 прыблізна зязюля некалькі разоў праспявала сваё знакамітае «куу-куу», пасля чаго сціхла».
Куды залятала кампанія ў гэтым годзе? «Жывая вясна» наведала «Гуканне вясны» ў Вязынцы, пабывала на Дні абароны дзяцей у Батанічным садзе, а таксама завітала на птушыныя экскурсіі Free Walking Tour і Фестываль кулікоў у Тураве.
Яшчэ «Жывая вясна» АПБ праводзіла конкурс фатаграфій птушак: белага бусла, вясковай ластаўкi, чорнага свіргуля,зязюлi, шчуркi-пчалаедкi i ластаўкi-зямлянкi. У конкурсе на найлепшы здымак «Вясна ў аб’ектыве» АПБ адзначыла некалькі фота. На конкурс даслалі 73 працы.
Хто ж перамог у конкурсе «Жывой вясны»?

Белыя буслы. Фота Сяргея Марыніча
Другое месца — Сяргей Марыніч:

Вясковыя ластаўкі. Фота Сяргея Марыніча
Другое месца — Марыя Долбiч:

Белы бусел. Фота Марыі Долбіч
Трэцяе месца — Вiкторыя Сячко:

Белы бусел. Фота Вікторыі Сячко
Пераможцы конкурсаў атрымаюць па пошце дыпломы, прызы і памятныя сувеніры ад АПБ.
Крынiца: ptushki.org
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.