Змены клімату, транслакацыя чаротаўкі і абвяшэнне Абаронцаў дзікай прыроды – як прайшоў З’езд АПБ – 2020?

0 237 14 Фев 2020

8 лютага прайшоў чарговы З’езд АПБ. На штогадовую сустрэчу завітала 115 удзельнікаў з усіх куткоў Беларусі, а таксама ганаровы госць з замежжа – доктар Роб Філд.

Старшыня АПБ Васіль Грычык і дырэктар АПБ Аляксандр ВІнчэўскі. Фота Андрэя Ката

Старшыня АПБ Васіль Грычык і дырэктар АПБ Аляксандр ВІнчэўскі. Фота Андрэя Ката

З’езд адкрыў Старшыня АПБ Васіль Грычык, а затым артыстка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Тамара Рэмез прывітала ўдзельнікаў знакамітай песняй “Белавежская пушча”. З вітальным словам выступіў прафесар, акадэмік НАН Беларусі Міхаіл Нікіфараў, першы і апошні прэзідэнт АПБ, першы старшыня АПБ.

Акадэмік НАН Беларусі Міхаіл Нікіфараў. Фота Андрэя Ката

Акадэмік НАН Беларусі Міхаіл Нікіфараў. Фота Андрэя Ката

Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі прадставіў справаздачу АПБ за 2019 год і напрамкі дзейнасці арганізацыі на 2020 год.

Абаронцы дзікай прыроды Дзяніс Кіцель і Руслан Шайкін

Абаронцы дзікай прыроды Дзяніс Кіцель і Руслан Шайкін. Фота Андрэя Ката

Васіль Грычык уручае дыплом Абаронцы дзікай прыроды Ігару Бышнёву.

Васіль Грычык уручае дыплом Абаронцы дзікай прыроды Ігару Бышнёву. Фота Андрэя Ката

На З’ездзе АПБ абвясцілі Абаронцаў дзікай прыроды — 2019 – гэтым ганаровым званнем штогод ганаруе глабальная прыродаахоўная асацыяцыя BirdLife International. У Беларусі за выбітныя дасягненні ў ахове дзікай прыроды ім адзначылі Ігара Бышнёва, Дзяніса Кіцеля і Руслана Шайкіна. 

Узнагароджванне прызёраў чэмпіяната па фотабёрдынгу. Фота Андрэя Ката

Узнагароджванне прызёраў чэмпіяната па фотабёрдынгу. Фота Андрэя Ката

Падчас З’езду ўзнагародзілі пераможцаў чэмпіяната па спартыўнай арніталогіі і двух апошніх чэмпіянатаў па фотабёрдынгу, а таксама самыя актыўныя аддзяленні АПБ – Брэсцкае, Слуцкае і Жыткавіцкае. А яшчэ ўшанавалі галоўнага бухгалтара АПБ Ганну Калеснікаву, якая працуе ўжо 20 гадоў у арганізацыі, з самага заснавання.

Аляксандр Казулін.

Аляксандр Казулін. Фота Андрэя Ката

Прагучала шмат цікавых дакладаў. Кандыдат біялагічных навук Аляксандр Казулін расказаў пра вельмі цікавы вопыт: упершыню ўдалося паспяхова зрабіць транслакацыю вяртлявай чаротаўкі: 50 птушанят гэтай самай рэдкай пеўчай птушкі Еўропы перасялілі з беларускага балота Званец у літоўскі біясферны запаведнік«Жувінтас», а праз месяц выпусцілі на волю. З першай тэставай партыі 20 % птушак вярнуліся пасля зімоўкі ў гэты запаведнік.

Кандыдат біялагічных навук Мікалай Чэркас расказаў пра птушку 2020 года – глушца – і нават сам прыпадобніўся да яго, паказаўшы, як такуюць розныя яго падвіды.

Максім Нямчынаў.

Максім Нямчынаў. Фота Андрэя Ката

Спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Максім Нямчынаў прадставіў публіцы кандыдатаў на званне птушкі 2021 года. Незвычайна тое, што сёлета іх было не тры, а чатыры. Падчас анлайн-галасавання людзі пачалі сапраўдную выбарчую кампанію, дзякуючы чаму ў абсалютныя лідары выйшлі ляляк (1499 галасоў) і сініца-апалоўнік (1603 галасы). Цэнтральны Савет АПБ прыняў рашэнне прызнаць народнымі кандыдатамі абедзвюх птушак, і на З’ездзе яны змагаліся са звычайнай туркаўкай і стрынаткай-чаротаўкай – кандыдатамі ад Цэнтральнага Савета і Сакратарыята АПБ. Вынікі гэтага галасавання стануць вядомыя бліжэй да канца года, пакуль жа захоўваецца інтрыга.

Галасаванне за птушку 2021 года. Фота Андрэя Ката

Галасаванне за птушку 2021 года. Фота Андрэя Ката

Доктар Роб Філд, якога АПБ запрасіла выступіць з лекцыяй пра змены клімата, расказаў пра прыроду гэтых зменаў, спрагназаваныя наступствы і магчымыя шляхі іх змякчэння. Напярэдадні навуковец выступаў перад шырокай публікай і больш за гадзіну адказваў на пытанні з залы: тэма, відавочна, турбуе беларусаў. Неўзабаве відэа лекцыі мы выкладзем у агульны доступ. Выступы доктара Філда былі арганізаваныя пры падтрымцы Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі.

Доктар Роб Філд. Фота Андрэя Ката.

Доктар Роб Філд. Фота Андрэя Ката.

Спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы падрыхтаваў традыцыйну віктарыну “Што гэта за птушка?” Гэтым разам удзельнікі мусілі адгадаць від птушкі паводле фота прадстаўнікоў розных відаў з “нестандартнай” афарбоўкай. Ніхто не справіўся з задачай на 100 %, 9 птушак з 10 правільна вызначылі 5 чалавек, самая малодшая з іх — 16-гадовая Каця Пархімовіч — стала прызёркай.

Павел Пінчук. Фота Юрыя Струкава

Павел Пінчук. Фота Юрыя Струкава

Арнітолаг Павел Пінчук расказаў пра дубальта – “рэактыўную” птушку-“таўсцячка” і яго цяжкае жыццё. Павел расказаў што такавішчы дубальта знікаюць, бо без выпасу паплавы зарастаюць. Ён патлумачыў, што нельга скарачаць ахоўныя зоны вакол такоў: калі гэта зрабіць, палова кармавых участкаў дубальта будзе страчана! А дубальту вельмі важна карміцца як след, бо на ліньку і трэба шмат энергіі. Не кажучы пра тое, што літаральна за пару месяцаў птушцы трэба павялічыць масу цела са 150 да 250 г, каб паспяхова пераляцець у Афрыку. Гэта складанае падарожжа: дубальт ляціць з месцаў гнездавання на зімоўку адным пералётам, і пры гэтым пераадольвае 5000 км усяго за 2-3 дні – такі сабе птушыны марафон.

Сямён Левы расказаў пра тое, што ўдалося зрабіць у межах ініцыятывы “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” – дзе ўжо месцы пражывання гэтых звяркоў знойдзеныя, а якія яшчэ патрабуюць праверкі.

Батанік Дзмітрый Грумо патлумачыў, як за стагоддзі змянялася балота Дзікое, як на яго паўплывала меліярацыя і спыненне кашэння. Ён расказаў, як мы яго аднаўляем і заклікаў заолагаў, батанікаў і гідролагаў больш шчыльна працаваць разам.

Напрыканцы З’езду адбыліся выбары ў Цэнтральны Савет АПБ, куды ў выніку ўвайшлі Наталля Карліонава, Юрый Янкевіч, Дзяніс Кіцель і Яўген Лабанаў, і ў Рэвізійную камісію, вакантнае месца ў якой заняла Наста Блоцкая. Віншуем!

Валанцёры

Валанцёры. Фота Юрыя Струкава — таксама нашага валанцёра!

У правядзенні З’езду вельмі дапамагалі валанцёры – дзякуй вам вялікі, Юрый Струкаў, Яна Трусіла, Надзея Валабуева, Надзея Бяляўская, Каця Пархімовіч, Святлана Шыла, Антон Мукавозчык, Дар’я Шакалава, Георгій Борзды, Ніколь Костачка, Аляксандра Ларчанка, Ксенія Малюкова!

Паглядзець больш здымкаў са З’езду можна ў фотаальбомах у Фэйсбуку ды Укантакце.

Удзельнікі З'езду. Фота Андрэя Ката

Источник: ptushki.org

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.