У Капыльскага і Дзяржынскага раёнаў з’явіліся птушкі-сімвалы!

0 664 20 Мар 2020

Усё новыя раёны абіраюць за сімвалы мясцовых птушак! Расказваем, якія птушкі цяпер будуць прадстаўляць Капылькі і Дзяржынскі раёны.

Вясковая ластаўка. Фота Мікалая Вараб'я

Вясковая ластаўка. Фота Мікалая Вараб’я

У Капыльскім раёне птушкай-сімвалам выбралі вясковую ластаўку. Гэты від ластавак з глыбокай старажытнасці прывык да чалавека і да яго дома. Прыхільнасць да чалавечага жытла абумовіла ёй нашу любоў.

Як правіла, вясковыя ластаўкі будуюць гнёзды на драўляных будынках, а такія дамы часцей будуюць у сельскай мясцовасці. Адсюль пайшла назва. Гняздо мае цікавую будову. Аснова зроблена з зямлі і нагадвае чвэрць спадзістага шара. У сярэднім на пабудову гнязда адной парай сыходзіць восем дзён.

У паўночных краінах людзі лічаць прылёт ластаўкі пачаткам вясны, а адлёт — з пачаткам восені. Дарэчы, вясковая ластаўка лічыцца адной з птушак-вестуноў вясны. Калі ўбачыш яе сёлета першы раз, занясі сваё назіранне на анлайн-карту “Жывой вясны”.

Ластаўкі сілкуюцца выключна насякомымі. У рацыён уваходзяць мухі, матылькі, камары і жукі. Іх ластаўкі ловяць проста ў палёце, дзе праводзяць 95% свайго часу.

Сіняя сініца. Фота Мікалая Вараб'я

Сіняя сініца. Фота Мікалая Вараб’я

Дзяржынскі раён правёў інтэрнэт-галасаванне, у якім перамагла сіняя сініца. Гэта вельмі прыгожая птушка з цікавым спалучэннем блакітнага і жоўтага колеру ў апярэнні. Дзякуючы сваёй высокай «камунікабельнасці» сіняя сініца добра адаптавалася да гарадскіх умоў і звычайна селіцца ў садах і парках, дзе людзі зрабілі для іх шмат кармушак. Лёгка засяляе штучныя домікі.

Звычайны рацыён сіняй сініцы на 70-80% складаецца з жывёльнай ежы: ад лічынак разнастайных насякомых да павукападобных і лятучых казурак.

За дзень птушка ў залежнасці ад памеру здабычы з’ядае ад 600 да 1600 насякомых, а ў ачагах размнажэння шаўкапрадаў — да 20 000 яечкаў гэтых матылькоў, чым прыносяць велізарную карысць.

Каб пазнаёміць жыхароў бліжэй з птушкамі-сімваламі, у раёнах запланаваныя конкурсы, акцыі, выставы, асветніцкія лекторыя і майстар-класы і іншыя мерапрыемствы.


Карына Салавей, кіраўнік аддзелу развіцця:

Амаль 20 раёнаў Беларусі ўжо маюць сваю птушку-сімвал! Навошта гэта рабіць? Кожны раён Беларусі – непаўторны, і яму ёсць, што паказаць і чым пахваліцца, але важна прыцягнуць увагу, запомніцца, выклікаць як у мясцовых, так і замежных турыстаў жаданне туды прыехаць і аднойчы вярнуцца. Менавіта праз птушак-сімвалы можна распавядаць пра адметнасць раёна, у тым ліку дзікапрыродную, стварыць на гэтай аснове цэлы брэнд, які будзе пазнавальны ў нашай краіне і за мяжой. Гэта багатая глеба для ідэй майстрам, мясцоваму бізнэсу – выявы з птушкай раёна можна выкарыстаць як для існуючай, так і новай, у тым ліку сувенірнай, прадукцыі.
Заклікаем і іншыя раёны Беларусі выбраць птушку-сімвал, які дапаможа раёну стаць больш адметным. Спецыялісты АПБ заўжды гатовыя дапамагчы з выбарам кандыдатур.

Як выбраць птушку раёна, мы тлумачым у адмысловай брашуры з пакрокавай інструкцыяй.

СПАМПАВАЦЬ БРАШУРУ

Источник: ptushki.org

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.