Лекавыя расліны ў культуры беларусаў

Валентина Леснова
редактор WILDLIFE.BY
0 1139 9 Апр 2019

Як народныя веды пра выкарыстанне раслін прадстаўлены ў культуры беларусаў і як навукоўцы іх захоўваюць? Пра гэта распавяла загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна.

1449.jpg

Фота газеты «Навука»

Першыя крокі

Традыцыйныя веды пра выкарыстанне раслін – тыя, што непарыўна перадаюцца ад нашых продкаў, – фалькларысты Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі вывучалі падчас праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ПРААН/ГЭФ «Узмацненне людскіх рэсурсаў, прававых сістэм і інстытуцыйнага патэнцыялу для рэалізацыі Нагойскага пратакола ў Рэспубліцы Беларусь». Гэта частка глабальнага праекта для 24 краін. Акадэмічны Інстытут генетыкі і цыталогіі адказвае за яго выкананне ў Беларусi.

Раней, у межах работы аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў, навукоўцы збіралі веды пра раслінны свет выключна з пункту гледжання духоўнай культуры: звязаныя з імі павер’і, абрады, звычаі ды каляндарныя святы. У гэты раз яны звярнулі ўвагу на традыцыю практычнага выкарыстання беларускай флоры, асабліва ў якасці лекаў. Першыя крокі  комплекснага вывучэння расліннага свету будуць прадстаўлены ў кнізе «Расліны ў сістэме традыцыйных ведаў беларусаў», якая зараз рыхтуецца да выдання ў Выдавецкім доме «Беларуская навука».

Вучоныя падчас экспедыцый правялі шэраг інтэрв’ю з носьбітамі традыцыйных ведаў, знялі пра іх фільм, параўналі, наколькі ў XIX і XXI стст. назіраецца пераемнасць у выкарыстанні лекавых раслін.

DSCN0306_887.jpg

Пераемнасць захоўваецца і сёння

Слова – Таццяне Валодзінай:

– Самыя першыя звесткі выкарыстання зёлак дайшлі да нас са старых лячэбнікаў. Нават тады пісары, якія перакладалі іх з лацінскай мовы, на палях, а тое нават і ў самім тэксце рукапісу, рабілі допісы пра мясцовую флору і фаўну. Але найпершая наша крыніца – носьбіты традыцыйных ведаў. Гэта людзі, якія і сёння жывуць пераважна ў вёсках, невялікіх гарадах і нават у Мінску, і якія гэтымі ведамі не толькі валодаюць, але і карыстаюцца. Дапамагаюць захоўваць гісторыка-культурную спадчыну музей народнай творчасці «Дом траўніка» у вёсцы Стрэльна Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, традыцый пільнуецца турыстычна-экскурсійны комплекс «Аптэкарскі сад».

IMG_4785_1280.jpg

Трэба сказаць, што, акрамя разумення ўласна біялагічных асаблівасцяў той ці іншай расліны, у народзе робіцца акцэнт на іх міфа-паэтычны статус. Практычна кожны з прыродных элементаў надзяляецца пэўнай сімволікай.

DSCN0316_887.jpg

У этнаграфічнай літаратуры, якая даволі аб’ёмна захоўвае звесткі пра выкарыстанне раслін, мы часам сустракаем дзівосныя сведчанні. Напрыклад, Эліза Ажэшка, славутая беларуска-польская пісьменніца, якая захавала для нас апісанні шматлікіх зёлак, расказвае пра вясковую жанчыну, якая трапіла ў бяду. Маладую кабецінку не залюбіў свёкар, і калі звалілася кола ад возу, на якім везлі бульбу, ён загадаў жанчыне падняць гэты воз. Яна здужала, але павалілася, сарваўшы жывот. Эліза Ажэшка апісвае, што жанчына спрабавала выкарыстоўваць зёлкі, пакуль не знайшла адну з іх. Гэта траўка, якая ў палескіх гаворках называецца пяціпал. Гэта толькі адзін прыклад, як у народзе доследным шляхам выпрацоўвалі веды, якія далей уваходзілі ў народную практыку.

«Яны не проста ведаюць зёлкі, а нават разумеюць іх мову»

Як і калісьці, так і сёння ў вёсках жывуць людзі, якія ведаюць пра расліны больш за іншых. Яны называюцца знахарамі, шаптухамі, бабкамі, паўстаюць тымі асобамі, якія больш шчыльна звязаныя з навакольным асяроддзем.

DSC09074_887.jpg

Са шматлікіх інтэрв’ю з вясковымі жыхарамі неаднаразова чулі, што гэтыя людзі ад усяго сэрца любілі і любяць лес. Адна з полацкіх жанчынак казала: «У мяне «лясная хвароба», – і тлумачыла, што без леса доўга не можа жыць.

Яны не проста ведаюць зёлкі, а нават разумеюць іх мову, як бы гэта пафасна ці казачна ні гучала. Носьбіты традыцыйных ведаў уступаюць у дыялог з кожнай раслінкай. У запісах з Шаркаўшчынскага раёна мы знайшлі такія звесткі. Жанчына расказвала пра свайго бацьку, вясковага знахара. Былі яны ў лесе, недалёка ад іх паўзла змяя. А ён тры разы той скажа: «Птушачка, птушачка, птушачка», – і бярэ змяю ў рукі, а яна яго не джаліць. Тут мы бачым зусім іншы ўзровень узаемадзеяння чалавека з навакольным светам.

«Боскае» паходжанне

Трэба сказаць, што ў народзе выкарыстанне раслін надзяляецца і вышэйшым сэнсам. Часам гэтыя веды нібыта спадаюць з нябёс. На Беларускім Палессі да гэтага часу расказваюць такую легенду. Ісус Хрыстос сыходзіў на нябёсы, а людзі вельмі прасілі, каб застаўся з імі. І Хрыстос пакінуў ім зёлкі ад розных хвароб.

IMG_0391_1290.jpg

Ці яшчэ ёсць такая легенда. Адкуль у свеце столькі лекавых раслін? Калі Бог ствараў першага чалавека Адама, то зляпіў яго з зямлі і пакінуў сушыцца, а сам пайшоў па душу для яго. Д’ябал убачыў чалавека, патыкаў яго палкай, зрабіўшы ў целе 77 дзірак. Бог пабачыў такую бяду, і на 77 хвароб стварыў 77 лекавых зёлак, і даў чалавеку веды пра іх выкарыстанне. У беларускім жа гербарыі зараз навукоўцы налічваюць больш за 600 лекавых раслін.

І калі звяртацца да людзей, якія сёння карыстаюцца зёлкамі ў сваім жыцці і дапамагаюць іншым, нярэдка заўважаеш, што і дагэтуль выкарыстоўваецца шэраг магічных сродкаў, перадусім замовы. Асаблівасцю светапогляду сучасных лекараў ёсць абсалютная перакананасць у «боскім» характары іх дзейнасці, якая не выступае як апазіцыйная ні да царкоўна-рэлігійных практык, ні да прыёмаў афіцыйнай медыцыны, але дапаўняе іх.

Як бачым, і да гэтага часу сярод нас жывуць народныя лекары – традыцыя жывая і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Нават некаторыя спецыялісты сучаснай медыцыны выкарыстоўваюць гэтыя веды ва ўрачэбнай практыцы. Другое пытанне, колькі працягнецца гэта традыцыя. Таму зараз самая галоўная задача этнографаў – занатаваць дадзеныя веды для нашчадкаў і ў вялікай ступені выхаваць павагу да людзей, якія імі валодаюць.

 DSC08925_887.jpg


Фотаздымкi – з архіву Таццяны Валодзiнай

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.