Лодачка, плыві!

1 1115 19 Дек 2017

У цесляра з леспрамгасаўскага пасёлка Хваенск Жыткавіцкага раёна Уладзіміра Пінчука заўсёды хапае «рачной» працы. На ўсю прыпяцкую зону — ад вёсак Снядзіна і Хлупіна да старажытнага Давыд-Гарадка (гэтыя населеныя пункты знаходзяцца на правым беразе Прыпяці) — застаўся адзін спецыяліст па лодачнай справе, які ўмее рабіць традыцыйныя, на палескі манер, адмысловыя пласкадонкі. Нядзіўна, што да Пінчука ў першую чаргу звяртаюцца жыхары прыбярэжных населеных пунктаў, для якіх плывучы драўляны сродак усё яшчэ застаецца незаменным і неабходным у побыце. І на выпадак паводкі, і як транспарт, каб дабрацца на процілеглы бераг, прывезці з лесу дровы альбо ў час касавіцы сена з пойменнага лугу — тут ужо без лодкі не абысціся. Не кажучы пра ўлюбёны занятак палешукоў — рыбалоўства.

a17e0d2b0f487fa2b4da7a00f814598e.jpg f5f3ae9d6f9e1b6d138cae8c1a17bb2a.jpg

Стыль Пінчука-лодачніка пазнаецца па знешнім выглядзе яго вырабаў, па нязменным почырку майстра. Лодкі Уладзіміра Васільевіча атрымліваюцца доўгія і шырокія — у тры дошкі, з высокімі бартамі і паднятай насавой часткай. Яны ўстойлівыя на вадзе, хутка рухаюцца. Нават у апрацоўцы какор і дубовага носа можна пазнаць руку майстра — філігранная праца.

16e688a38127060cec36aa5515e09e82.jpg 25063861edbeb93995ca30643273cfa2.jpg

Сваю лодачную школу Пінчук пераняў ад бацькі — патомнага і вядомага ў свой час адмыслоўца ў дрэваапрацоўчым рамястве.

— У дзесяць гадоў я ўжо дапамагаў бацьку майстраваць лодкі, працы хапала і малому хлапчуку: напрыклад, канапаціць мохам зазоры паміж дошкамі. А потым і сам стаў выконваць заказы, — прыгадвае хваенскі лодачнік.

a95f4069277604e1149667889498ee16.jpg a4f49abc662b4dbdb7aedfe9ca341c4e.jpg

За свае 60 гадоў Уладзімір Пінчук вырабіў не адзін дзясятак лодак, і дзякуючы яму традыцыйнае рамяство на Палессі працягвае жыць.

Максім ВЕЧАР, «Народная газета»

Комментарии пользователей (1)
Оставьте ваш комментарий первым
Николай Якимович    19 Декабря 2017 в 8:57
0
0
"На ўсю прыпяцкую зону — ад вёсак Снядзіна і Хлупіна да старажытнага Давыд-Гарадка (гэтыя населеныя пункты знаходзяцца на правым беразе Прыпяці) — застаўся адзін спецыяліст па лодачнай справе, які ўмее рабіць традыцыйныя, на палескі манер, адмысловыя пласкадонкі." Бред. Лодки на Припяти умеет делать чуть ли не каждый рыбак и охотник.
Комментарий был изменен 19 Декабря 2017 в 8:58
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.