Пост, поўны абурэння

0 520 28 Авг 2017

Ні для каго не сакрэт, што я вельмі люблю Беларусь, не лічу ганебным адпачываць тут – гэтым летам мы з сям’ёй цэлых 7 тыдняў вандруем па нашай краіне, і эмоцыі ад гэтага падарожжа толькі станоўчыя. Асабліва любім мы Браслаўскія азёры, таму цэлая палова нашай вандроўкі прыпала на наведванне гэтага краю.

Адправіліся мы нядаўна на вядомы аб’ект Браслаўшчыны – Слабодкаўскую озавую граду, дзе існуе абсталяваная сцежка для турыстаў з указальнікамі і інфармацыйнымі шчытамі. З боку вёскі туды наўрад ці пад’едзеш, бо дарога да турбазы «Слабодка» вельмі вузкая: спынішся – і заблакуеш рух. Затое з іншага боку пагорка ёсць неблагая лясная дарога – у канцы пабудаваная альтанка, пастаўлены кантэйнер для смецця, нядаўна нават ямы пяском пазасыпалі.

Не паспелі мы крыху пахадзіць каля машыны, як да нас завітала інспекцыя нацыянальнага парку і заявіла, што мы здзейснілі парушэнне: ездзіць у парку дазваляецца толькі па дарогах агульнага карыстання. Паказалі мне адпаведны пункт правілаў і прысаромелі: маўляў, перш чым ехаць сюды, хоць пачытайце, што можна, а што нельга. Адразу была праведзена фотафіксацыя месца парушэння і складзены пратакол. Мінімальны штраф за такое, дарэчы, 4 базавых велічыні. Адпачылі, называецца!

Мне і самому было няёмка, што я не ведаю нават асноўных правілаў наведвання нацыянальнага парка. Таму я нават не стаў удакладняць назву дакумента, а вырашыў потым адшукаць усе гэтыя правілы, каб больш нічога не парушаць. Спачатку паглядзеў на жоўты шчыт на ўездзе ў парк – там пералічаныя  ўсе забароны, але вось забароны ездзіць па лясных і палявых дарогах няма. На іншых інфармацыйных шчытах такую інфармацыю я таксама не сустрэў. Адкуль жа ў такім выпадку пра гэта ведаць турыстам?!

Тады я зайшоў на сайт нацпарка – і там пра правілы паводзінаў нічога не напісана, хаця добра было б гэтую інфармацыю паставіць на бачнае месца. Адшукаў у нетрах сайта палажэнне аб нацыянальным парку, перачытаў яго цалкам – адшукаў забарону ездзіць па-за дарогамі (напрыклад, проста па полі), але рух па-за дарогамі агульнага карыстання забараняецца толькі ў адным месцы – ля гары Маяк.

Палажэнне на сайце, дарэчы, узору 2012 года, а яно ж потым яшчэ некалькі разоў дапаўнялася і змянялася. Палез па сайтах кшталту parvo.by, адшукаў папраўкі розных гадоў – і там нічога па маім парушэнні няма!

Вядома, я не адмаўляю існавання нейкага яшчэ няўлічанага мной нарматыўнага акта наконт гэтых дарог, маё парушэнне хутчэй за ўсё сапраўды мела месца. Але, шаноўная адміністрацыя парка, вы ўпэўненыя, што нават абачлівы і падрыхтаваны турыст будзе ўсё гэта шукаць і пра тыя забароны ведаць? Ці толькі кожнаму «па сакрэце» будзеце паведамляць пра чатыры базавыя?

У выніку засталося ў мяне некалькі пытанняў да нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры», на якія я так і не здолеў адшукаць адказ:

- Чаму нідзе няма ўцямнай інфармацыі аб правілах паводзінаў у нацпарку? Які пункт закона рэгламентуе рух па дарогах парка?

- Чаму на ўездзе на такія дарогі няма шлагбаўма ці забараняльнага знака? (Шлагбаўмы на лясных дарогах маюцца ў любым лясніцтве Беларусі і зачыняюцца, напрыклад, пры павышанай пажарнай небяспецы. Нацпарку хапіла б аднаго такога штрафу для яго ўсталявання, але ніколі там шлагбаўма я не бачыў).

- Як наведваць многія прыродныя аб’екты парка, калі ў выніку з’ехаць на лясную дарогу нельга, а стаянка на ўзбочыне па-за вёскамі забароненая правіламі дарожнага руху?

- Чаму на турыстычнай сцежцы Слабодкаўскай грады ўсе шыльды і ўказальнікі паламаныя ці выгарэлыя на сонцы? Інспектары сказалі, што я тут далёка не першы такі парушальнік – дык можа грошай са штрафаў хапіла б на іх аднаўленне?!

Мы можам сотні разоў заяўляць пра неабходнасць развіцця турызму ў нашай краіне. Але для замежных турыстаў і беларусаў, якія былі за мяжой, кемпінгі ці іншыя турыстычныя аб’екты ў нацыянальным парку – гэта нармальныя пад’езды, указальнікі, туалеты. На «Браслаўскіх азёрах» часцей за ўсё няма ні першага, ні другога, ні трэцяга. Праўда, калі вы нешта не ведаеце, тут вам з радасцю падкажуць. За 4 базавыя.
Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Чтобы оставить комментарий, вам необходимо авторизоваться.