Экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» адбудзецца 15 верасня

0 162 9 Сен 2019

15 верасня на поўначы Беларусі, у Міёрах, адбудзецца экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», якое стала традыцыйным для рэгіёна і пройдзе ўжо ў сёмы раз.

Традыцыйна госці свята змогуць пачаставацца журавінамі і журавінавымі стравамі, а таксама паўдзельнічаць у назіранні за жураўлямі з арнітолагамі АПБ.

Менавіта ў верасні пачынаецца сезон збору карысных журавінаў, якімі багатая Міёршчына. І кожны год тысячы шэрых жураўлёў і дзясяткі тысяч гусей розных відаў спыняюцца на адпачынак на найбуйнейшым верхавым балоце Еўропы – Ельні — падчас восеньскай міграцыі.

Сёлета свята набыло новы імпульс для развіцця, стаўшы часткай вялікага праекта «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці».

Праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і скіраваны на паляпшэнне жыцця жыхароў Міёршчыны на аснове рэлізацыі прынцыпаў устойлівага развіцця рэгіёна.

Ксенія Малюкова, спецыялістка па кампаніях і акцыях АПБ«Гэты фэст мы ладзім толькі адзін раз у год, таму запрашаем «злавіць» рэдкую магчымасць паназіраць за тысячамі шэрых жураўлёў на самым вялікім верхавым балоце ў Беларусі, пачаставацца журавінамі i сустрэць Мёрскую восень!»

Пачатак свята ў 11.00, афіцыйнае адкрыццё – ў 13.00.

Месца правядзення – гарадскі парк «Паўвостраў», г. Міёры.

afisha-ZHiZH-800.jpg

Праграма свята насычаная: конкурсы, майстар-класы, выступленні творчых калектываў Міёршчыны і гасцей з Латвіі. Упершыню на сцэне гарадскога парка «Паўвостраў» выступіць фольк-гурт PAWA.

Адметнасць свята – магчымасць паназіраць за жураўлямі і пабываць на экасцежцы на балоце Ельня.

А таксама гасцей чакаюць шматлікія майстар-класы для дзяцей і дарослых, дэгустацыі, інтэрактыўная фотазона, актыўнасці на пляцоўцы АПБ, праца Праектнай пляцоўкі, мабільны планетарый, квесты, экашопінг і шмат-шмат іншых цікавостак.

 «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» – свята як мінімум «5 у адным»!

  • яднанне з прыродай (прайсціся па балоце Ельні і паназіраць за жураўлямі)
  • адпачынак у добрай кампаніі на вясёлым свяце
  • умацаванне фізічнага стану (дзякуючы гаючаму паветру і «эліксіру здароўя» – журавінам)
  • эканамічная выгода: шопінг на кірмашы майстроў
  • новыя ўражанні і сюрпрызы

Шчыра запрашаем!

Праграма экалагічнага свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» ў 2019 годзе

9-14 верасня

  • экалагічны тыдзень «Чароўны край малой Радзімы» (установы адукацыі Міёрскага раёна);
  • конкурс на найлепшага здатчыка журавінаў.

10 верасня

Паседжанне клуба маладой сям’і «Жураўлінаю сцежкай».

14 верасня

  • урачыстая рэгістрацыя шлюбу «Жураўлінае вяселле» (каля скульптуры «Жураўліная вернасць», г. Міёры, плошча Леніна, 14);
  • урачыстае вітанне «Жураўліная вернасць» (каля скульптуры «Жураўліная вернасць»);
  • міжраённы турнір інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?» на кубак старшыні Міёрскага раённага выканаўчага камітэта (Міёрскі раённы Дом культуры);
  • адкрыты кубак раёна па валейболе сярод жаночых каманд (Міёрская ДЮСШ);
  • конкурс «Смак журавінаў» (па зборы журавінаў) сярод прафсаюзных аб’яднанняў і ахвочых.

15 верасня

09.30 – семінар «Міжнароднае супрацоўніцтва як інструмент устойлівага развіцця Міёрскага раёна» (малая зала Міёрскага раённага выканаўчага камітэта).

Гарадскі парк:

11.00 – адкрыццё выставы-продажу вырабаў народных майстроў «Жураўліная скарбонка» з правядзеннем майстар-класаў;

12.00 − выступленне калектываў г. Даўгаўпілса і Крустпілскага краю (Латвія);

11.00 – 13.00 – конкурс «Жураўліны кірмаш-2019» сярод сельскіх падворкаў Міёрскага раёна;

11.00 – 15.00 – прэзентацыя сельскіх падворкаў;

13.00 – урачыстае адкрыццё свята, узнагароджанне пераможцаў раённых конкурсаў:

− па добраўпарадкаванні;

− сярод сельскіх падворкаў;

− па зборы журавінаў і найлепшых здатчыкаў журавінаў;

− захавальнікаў Ельні;

− «Гатуем з журавінаў разам» (ад раённай газеты «Міёрскія навіны»).

14.00 – тэатралізавана-канцэртная шоу-праграма «Жураўліная нота»;

16.30 – канцэртная праграма фольк-групы PAWA;

22.00 – святочная тэматычная дыскатэка «Жураўліны опэн-эйр».

Цягам дня:

Прэзентацыя пляцоўкі АПБ:

  • праца інфармацыйнага стэнда (інфармацыя пра працу ў межах праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён», пра тэрыторыю рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Ельня», пра дзейнасць арганізацыі);
  • назіранне за жураўлямі (з 10.00 да 14.00 кожную гадзіну адпраўленне аўтобуса ад Гарадскога парку, работа арнітолагаў на полі, запіс на экскурсію, суправаджэнне экскурсіі);
  • экскурсіі па экасцежцы (суправаджэнне спецыяліста);
  • інтэрактыўная фотазона «Жураўлі і журавіны − 2019» і майстар-клас для дзяцей;
  • майстар-клас «Адчуй сябе жураўлём»;
  • тэматычны аквагрым;
  • «Жураўліны квэст»;
  • выраб экасувеніраў.

Праектны офіс прапануе:

  • праца інфармацыйнага стэнда (інфармацыя пра Праект «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён»);
  • майстар-клас па пляценні з траў;
  • роспіс пернікаў з выявамі журавінаў і жураўлёў;
  • продаж расады садовых журавінаў і дурніц;
  • Фотасушка «Гісторыя свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю»;
  • акцыя «Створым музей разам» (пачатак фарміравання калекцыі будучага Музея журавінаў і жураўлёў);
  • продаж сувеніраў.

Таксама вас чакае:

  • прэзентацыі-дэгустацыі і продаж прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў;
  • продаж журавінаў «Менш пластыку – больш журавінаў»;
  • выстава экалагічнай літаратуры «Журавель-асветнік» (ад Міёрскай цэнтральнай бібліятэкі і Сектара спорту і турызму Міёрскага раённага выканаўчага камітэта);
  • выстава краязнаўцы Вітольда Ермалёнка «Малая Радзіма пачынаецца з зямлі»;
  • дзіцячая гульнёвая праграма «Вясёлы жураўлік»;
  • праца моладзевай арт-пляцоўкі «Пакаленне NEXT» – квэст «Мой горад», конкурсная праграма для моладзі;
  • экапляцоўка «Новае жыццё ў абмен на крышачкі»;
  • «Як стварылася планета Зямля» (фільм, работа мабільнага планетарыя);
  • «Журавель запрашае” (бясплатнае наведванне і экскурсійная праграма па візіт-цэнтры «Ельня», Міёры, вул. Кірава, 4а).
Крынiца: ptushki.org

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.