Як аматары птушак фестывалілі ў Тураве

0 946 28 Май 2019

25 і 26 траўня ў Тураве прайшоў Фестываль кулікоў — ужо ў восьмы раз!

truby2.jpg

Два дні госці Турава разам з арнітолагамі знаёміліся з птушкамі Тураўскага балоння – прыроднага рэзервата АПБ, прасякаліся прыгажосцю гэтых мясцінаў і ўдзельнічалі ў шматлікіх канцэртах і конкурсах. 

Раніцай у суботу бёрдвочары і фатографы рушылі здымаць птушак: 20 чалавек удзельнічала ў Чэмпіянаце па фотабёрдынгу «Фокус на кулікоў», які прайшоў у рамках фестываля ў Тураве ўпершыню.

uznagarodzhvanne-ausyanka-ser.jpg

 «Аўсянка, сэр!» — каманда-пераможца Чэмпіянату па фотабёрдынгу «Фокус на кулікоў» сярод каманд на аўто

truby-800.jpg

Гэта месца — з найважнейшых месцаў ва ўсёй Еўропе для водных і каляводных птушак, якіх можна пабачыць у вялікай колькасці і разнастайнасці. Толькі за вясновую міграцыю тут пралятае паўмільёна птушак!

«З кулікоў былі вялікія грыцукі, кулікі-случкі і кнігаўкі. Некаторыя пары кнігавак вадзілі за сабой маленькіх птушанят, і іх можна было разгледзець у трубы. Зрэдку да назіральнікаў падляталі вялікія зуйкі, крыўкі і самы жаданы для птушкароў кулік — марадунка. 

Часта над лугам заўважалі арланаў-белахвостаў — нашых самых буйных драпежнікаў. Аднойчы вылецеў нават сокал-кабец. А некаторым пашчасціла пабачыць, як вялікі арлец — птушка 2019 года — кружыць над поплавам, трымаючы ў лапах здабычу.

Акрамя таго, на балонні наведвальнікі пляцоўкі маглі ўбачыць, як ловяць рыбу шэрая і вялікая белая чаплі, рачная і малая крычкі. Добра атрымалася разгледзець качку-чырку, качак-лапаносак, жоўтых плісак, ластавак-зямлянак, чорных рыбачак. Усяго на пляцоўку паназіраць з арнітолагамі за птушкамі прыехала больш за 100 чалавек», — распавёў Сямён Левы, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях.


Vyaliki-grytsuk-800.jpg

Вялікі грыцук

Orlan.jpg

Арлан-белахвост

Упершыню падчас фестывалю працаваў кемпінг. І ўвечары ў кемпінгу на беразе Прыпяці госці фестывалю слухалі цудоўныя вершы паэткі Насты Кудасавай і спявалі песні разам з Сержуком Доўгушавым.

У нядзелю адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Старшыня Тураўскага выканкама Ігар Міцюрыч павітаў гасцей і падкрэсліў: «Нам у спадчыну дасталося цудоўнае Тураўскае балонне, якое аблюбавалі кулікі, якія штогод прылятаюць сюды гнездавацца і гадаваць птушанят. Гэтае месца прываблівае многа турыстаў, якія прыязджаюць сюды паназіраць за птушкамі. Мы павінны захаваць прыроду, якую даў нам Бог».

publika2.jpg

Дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі падзякаваў тураўцам, што захавалі Тураўскае балонне. «Уся Беларусь ганарыцца тысячагадовай гісторыяй Турава, але за межамі нашай краіны ён больш вядомы як самая важная тэрыторыя для пералётных птушак у Цэнтральнай Еўропе. Сотні тысяч птушак з Заходняй Еўропы, з Афрыкі, якія лятуць на поўнач, спыняюцца тут, на вашым Тураўскім балонні, — сказаў ён. – Калі б Тураўскае балонне знікла, то гэтыя птушкі таксама б зніклі, бо ім проста не было б дзе спыніцца».

Таксама Аляксандр Вінчэўскі ўрачыста абвясціў беларускіх Абаронцаў дзікай прыроды, уганараваных глабальнай прыроднай асацыяцыяй BirdLife International. 

Абаронцамі дзікай прыроды – 2018 сталі старшыня Слуцкага раённага аддзялення АПБ Тамара Каляда, сябра Цэнтральнага савета АПБ, заолаг, арнітолаг Андрэй Абрамчук і орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання пасёлка Вопытнага Мінскага раёна. 

Koleda-Slutsk-800.jpg

Тамара Каляда атрымала званне за працу з настаўнікамі і дзецьмі. Гэтая нястомная жанчына каардынуе працу 37 дзіцячых клубаў АПБ “Крылаты дазор” у Слуцкім раёне, якія аб’ядноўваюць 345 дзяцей. З яе ўдзелам быў адкрыты Музей салаўя ў Слуцку. Штогод пад яе кіраўніцтвам у Слуцкім раёне ў розным экалагічных акцыях і конкурсах удзельнічае больш за 9000 дзяцей.

Andrej-Abramchuk-800.jpg

Андрэй Абрамчук практычна аднаасобна падрыхтаваў намінантныя формы для больш чым 70 прыродных тэрыторый Беларусі для намінацыі на еўрапейскі статус «Смарагдавая сетка». Наш урад падтрымаў гэтыя прапановы, Савет Еўропы прысвоіў гэты высокі статус усім тэрыторыям, уключна з Тураўскім балоннем. Больш за тое, Абрамчук удзельнічаў у намінацыі больш чым дзесяці Тэрыторый, важных для птушак, і трох Рамсарскіх тэрыторый глабальнага значэння. Акрамя таго, ён сам знайшоў у нашых лясах, балотах каля 1150 месцаў, дзе жывуць або растуць рэдкія жывёлы і расліны, і падрыхтаваў неабходныя дакументы для іх аховы.

Орган тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання пасёлка Вопытнага – гэта актыўная група жыхароў Мінскага раёна, якая спыніла высечку 6 га лесу з сотага квартала Бараўлянскага спецлясгаса. Яны арганізавалі, прафінансавалі асабістымі сродкамі два навуковыя абследаванні супрацоўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук лясных масіваў каля пасёлка Вопытнага. У выніку гэтых абследаванняў было знойдзена 13 чырвонакніжных відаў і аформленыя адпаведныя ахоўныя абавязацельствы.

Сертыфікат Абаронцы дзікай прыроды прымаў стараста органа самакіравання Юрый Філіпаў: «Я ўражаны той колькасцю людзей, якія сапраўды зацікаўленыя ў захаванні нашай прыроды, якія гэта разумеюць, цэняць, аддаюць на гэта шмат сілы і часу. Вялікі вам дзякуй за гэта! Насамрэч вельмі прыемна ведаць, што такія людзі ёсць яшчэ недзе»

vopytny-abarontsa.jpg

На фестываль сабраліся не толькі тураўцы. Група гасцей прыехала на роварах аж з Магілёва, многія завіталі з Мінска і іншых беларускіх гарадоў. Брытанскія госці са знакамітага Шэрвудскага лесу, дзе жыў Робін Гуд, таксама з задавальненнем паўдзельнічалі ў фестывалі.

Майкл Коплстан з Караўлеўскага таварыства абароны птушак (Вялікабрытанія) расказаў, што ў Шэрвудскім лесе ў іх таксама ёсць падобны фестываль і для яго пабываць на фэсце ў Тураве – натхняльны досвед. «Гасцінныя людзі, цудоўная прырода, прыгожы старажытны горад – гэта сапраўдны скарб, які варта цаніць. Мы прыехалі падзяліцца сваімі ведамі і навучыцца новаму ад вас», – сказаў ён.

 skachuts-u-myahah.jpg

kryuki-z-gliny.jpg

vystava-yana-pryroda.jpg

Дзеці маглі паўдзельнічаць у вясёлых спаборніцтвах і пазапускаць паветраных змеяў, кожны ахвочы мог змайстраваць кулічкоў на майстар-класах, наведаць фотавыставы і экскурсіі, сфатаграфавацца ў шпакоўні, гняздзе або побач з вялізнымі яйкамі куліка на адмысловай фотазоне.

А ўвечары пасля разагрэву ад мясцовага кавер-бэнду «Как есть» адбыўся канцэрт гуртоў «РЭХА» і АKUTE.

 publika1.jpg

Прыемных эмоцый, здымкаў і добрых успамінаў і ўражанняў у кожнага засталося шмат.

Крынiца: ptushki.org

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.