«Брэсцкая Швейцарыя»

0 173 20 ноя 2020

Веламаршрут у ваколіцах Брэста на выходны дзень. Працягласць – 51 км. Складанасць – сярэдняя.

1-IMG_20201108_134741.jpg

Ваколіцы Брэста звычайна не карыстаюцца папулярнасцю ў звычайных турыстаў ці гараджанаў, якія выязджаюць на адпачынак. Між тым на поўнач ад горада знаходзяцца дзясяткі гістарычных і прыродных аб’ектаў, і каб аб’ехаць і агледзець усё гэта, трэба шмат часу.

Што можна пабачыць вакол Брэста на ровары за адзін дзень? Адказаць на гэта пытанне можна, пашпацыраваўшы па “Брэсцкай Швейцарыі” – жывапіснай пойме ракі Лясная, якая знаходзіцца на поўначы Брэсцкага раёна.

2-IMG_20201108_132704.jpg

Першы прыпынак на выездзе з горада – рака Лясная. Каб пабачыць прыгажосць ракі Лясной, трэба спыніцца каля аўтамабільнага маста праз раку каля вёскі Цюхінічы і наўпрост спусціцца ўніз, тут рака робіць ухіл і паўстае ва ўсёй сваёй прыгажосці і хуткасці. Раней непадалёк ад гэтага месца стаяў вадзяны млын, а рака распадалася на два рукавы, утвараючы такім чынам выспу. Гэта асаблівасць захавалася да сённяшняга дня, рэчышча праходзіць амаль каля аўтамабільнай дарогі. На працягу нашага падарожжа па “Брэсцкай Швейцарыі” маляўнічыя берагі Лясной будуць нам яшчэ трапляцца некалькі разоў, а ў ваколіцах вёсак Цюхінічы і Скокі рэчка Лясная выглядае асабліва маляўніча.

3-20201101132824_IMG_8212_984.jpg

Праехаўшы далей на поўнач праз вёску з цікавай назвай Кавердзякі і архаічнай планіроўкай, мы трапім у былое ўладанне Ягмінаў – вёску Вістычы.

Рамантычная легенда сцвярджае, што тут, у Вістычах, на беразе ракі Лясная калісьці існавала абарончая вежа, накшталт Камянецкай. Вышыня яе была каля 20 метраў і змяшчалася яна на ўзгорку. У выпадку небяспекі з поўначы на ​​Камянецкай вежы запальваўся агонь, які быў бачны з Вістыцкай вежы. А адтуль весткі аб нападзе ворага ў выглядзе сігнальнага дыму ці агню адпаведным чынам перадаваліся да Берасцейскага замку. Дзясяткі кіламетраў «пакрываліся» весткай аб нападзе за хвіліны. Ад гэтай легенды выводзяць назву вёскі (па-валынску «вiсты» – весткі, навіны). Дакументальных пацверджэнняў існавання вежы ў Вістычах не існуе. Паводле пісьмовых крыніц упершыню Вістычы ўпамінаюцца ў 1471 годзе.

З XVI стагоддзя мястэчка было дваранскім маёнткам. Некалькі разоў змяніўшы ўладальнікаў, у 1566 году яно перайшло да ваяводы Берасцейскага Юрыя Тышкевіча. Тышкевічы валодалі Вістычамі два стагоддзі.

У 1678 году Яўстафій Тышкевіч заснаваў тут мужчынскі цыстэрцыянскі манастыр. У 1748 годзе ў манастыры быў узведзены мураваны касцёл у стылі віленскага барока, які захаваўся да нашых дзён у якасці праваслаўнай царквы.

З другой паловы XVIII стагоддзя Вістычы знаходзіліся ва ўласнасці сям’і Ягмінаў. Пасля падаўлення паўстання 1830 года манастыр быў зачынены, а царква стала звычайным парафіяльным каталіцкім храмам святой Сафіі. Аднак пасля заканчэння паўстання 1863 года храм быў пераўтвораны ў праваслаўную Крыжаўздзвіжанскую царкву.

У 1840 гадах адзін з прадстаўнікоў роду Павел Ягмін заклаў тут сядзібны комплекс. Ягоны сын Станіслаў Ягмін прадаў сядзібу перад пачаткам Першай сусветнай вайны, пасля 1920 года яна была занядбана і да нашых дзён не захавалася.

2013-03-09_q14_8883_1330.jpg

У Вістычах можна агледзець старадаўнюю Крыжаўздзвіжанскую царкву (былы касцёл), яна прываблівае сваімі бездакорнымі архітэктурнымі формамі стылю барока, і нагадвае сілуэты зніклых храмаў старога Брэста. Сёння намаганнямі мясцовых святароў царква дасціпна рэстаўруецца, акрамя царквы рэстаўрацыя закранула і могілкі каля царквы.

5-20201101140305_IMG_8230_984.jpg

Тут у прыватнасці пахаваны чырвонаармеец Г.Тулуб'еў, які загінуў пры вызваленні в. Вістычы. Баі за гэтыя вёскі былі зацятыя, паколькі царква змяшчалася на ўзвышшы, а перад ёй рака і міннае поле, кажуць, што на франтоне царквы стаяў нямецкі кулямёт.

6-20201101135456_IMG_8221.jpg

Акрамя царквы ў вёсцы можна агледзець мемарыяльную калону і рэшткі парку, а нядаўна ў мясцовым Доме культуры намаганнямі мясцовага мастака Аляксандра Лазеркі быў створаны музей, у якім сабраныя цікавыя артэфакты з гісторыі вёскі.

Рухаемся далей на поўнач, сёння Вістычы зліліся з суседняй вёскай Казловічы ў адно селішча. Вёска змяшчаецца над тэрасай ракі Лясная, адсюль можна ўбачыць жывапісныя краявіды, найбольш цікавы з іх – на выездзе з вескі Казловічы, адсюль мы спускаемся да вёскі Вялікія Сухарэвічы, якая знаходзіцца праз 3 кіламетры за невялікім лесам. Дарога тым часам мяняецца з асфальту на жвір. На жаль у Вялікіх Сухарэвічах вельмі мала сталых жыхароў, тут некалькі драўляных дамоў, а галоўная вуліца зарасла травой. За вёскай некалі існаваў вялікі пясчаны кар’ер, сёння да яго не падступіцца. Затое адсюль адкрываецца прыгожая панарама на раку Лясная і возера ў суседніх Блювінічах.

Вялікія і Малыя Сухарэвічы – знікаючыя вёскі Брэсцкага Прыбужжа з архаічнымі будынкамі. Малым Сухарэвічам на гэты конт пашанцавала болей, таму што яны размяшчаюцца побач з аг. Астрамечава.

Праз вялікі ўзгорак і возера можна патрапіць у суседнія вёскі Кашылава і Ўладычыцы. У Кашылаве падарожнікаў сустрэне гаспадарчы будынак пач. ХХ ст., некаторыя яго вызначаюць як млын, але падаецца, ён больш падобны на свіран. Суседняя вёска Ўладычыцы (або Ўладычыца) цяпер зусім малая, а калісьці тут было 35 двароў. Рэчка Люта ўпадае ў раку Лясную, а на беразе ракі каля вялізнага дрэва можна пабачыць невялікі крыж, выкаваны мясцовым кавалём Іванам Строкачам.

7-20201101151616_IMG_8260.jpg

Насупраць Уладычыцаў на суседнім вялікім узвышшы праз раку Лясную размяшчаецца вёска Холмічы (былая назва Каростычы). Мясцовасць тут незвычайная для Брэстчыны, сустракаюцца ўзвышшы, а за Холмічамі ўвогуле вялізная гара. Паводле краязнаўцы Віктара Данілюка, на ўзгорыстыя краявіды гэтых мясцін свой уплыў аказаў апошні ледавік, які ўтварыў ў гэтых мясцінах так званую "канцавую марэну", прыкладам якой можа служыць Каростыцкі Вал (узвышша на поўнач ад вёскі Холмічы). Апошні ледавік таксама пакінуў нам безліч малых і велізарных валуноў (на поўдзень ад Брэста іх амаль няма). На жаль, патрапіць у Холмічы можна толькі праз вёску Покры, бо тут мост адсутнічае.

Мы вяртаемся ў Малыя Сухарэвічы, адтуль палявая дарога вядзе да пешаходнага маста праз Лясную. Праехаць на ровары тут можна, калі няма моцных дажджоў альбо талай вады, бо Лясная часцяком разліваецца.

Пераадолеўшы мост, трапляем у вёску Покры. Выяўленыя археолагамі гарадзішча і могільнікі за 2 км на поўдзень ад вёскі, на правым беразе ракі Лясная сведчаць, што гэта мясцовасць была заселена людзьмі яшчэ ў старажытнасці. У 1739 годзе пабудавана драўляная царква. Праз сто гадоў царква была перабудавана памешчыкам А. Баяроўскім.

8-20201101165534_IMG_8280.jpg

Нетыповы крыжова-купальны храм спачатку быў уніяцкім, а пасля ліквідацыі ўніі перайшоў у праваслаўе. Храм мае аналагі ў суседніх вёсках Хмелева і Чарнаўчыцы. Цікава, што ўсе тры храмы былі пабудаваны ў 1720 – 1730-х гг. па падобным праекце, верагодна, адным дойлідам, але гісторыя храмаў заблытаная. Царква ў вёсцы Покры мае цікавае ўнутранае аздабленне. Вылучаецца разны іканастас ХІХст., які пераклікаецца з архітэктурнай кампазіцыяй храма, што аформлены пілястрамі, шматпрофільнымі карнізнымі паясамі, рамамі, барочнай разьбой. Царскія вароты выкананы ў мастацкай канцэпцыі 1920–1930-х гг. і ўяўляюць сабой спалучэнне жывапісу і скразной разьбы. Шэсць абразоў варот змешчаны ў малыя круглыя медальёны ў густым раслінным акружэнні. У 1990-я гг. іканастас адрэстаўраваны і часткова перароблены. Захаваўся абраз «Укрыжаванне» (ХVІІІ ст.).

Веска Покры размешчана на высокім беразе ракі Лясная, франтоны вясковых дамоў парадна выглядаюць над рачной вадой, а галоўная вуліца нагадвае набярэжную. Вандруючы па вёсцы, таксама можна звярнуць увагу, што амаль на кожным франтоне дома размешчаны крыжы, што падкрэслівае ахову Багародзіцы.

Праз некалькі кіламетраў на поўдзень знаходзяцца Блювінічы. Мясцовыя людзі называюць вёску інакш – Блювынычі, на бужанскі манер. Паводле пісьмовых крыніц, Блювінічы вядомы з XV стагоддзя. Сёння вёска мала вылучаецца сярод астатніх, але ёсць невялікая дэталь: Блювінічы – радзіма беларускай дзіцячай пісьменніцы Клаўдзіі Каліны. Тут яна нарадзілася ў сям'і настаўніка ў 1925 г., адсюль пайшлі яе сцежкі ў вялікае жыццё. Скончыла Брэсцкае музычнае вучылішча (1953). Працавала настаўніцай спеваў у школах Брэста, Кобрына, Віцебска, а ў 1960–1977 гг. – Мінска. Апавяданні К. Каліна пачала пісаць ў 1962 г. Самыя вядомыя сярод іх: «Хлопчык-пакідайчык» (1969), «Забароненая песня» (1972), «Каляровыя месяцы» (1975), «Маці і сын» (1977), «Світанак» (1983), «Бабуля Насця, дзед Адам, Петрык і каза Рагуля» (1985), «Крылаты конь» (1989).

Наша вандроўка працягваецца па былых Радзівілаўскіх землях. Цэнтрам гэтых уладанняў заўсёды былі Чарнаўчыцы.

Чарнаўчыцы – славутае мястэчка Беларусі (мясцовыя назвы Чэрнавчычы, Чэрнавчыцы), якое бярэ свой пачатак у XV стагоддзі (упершыню згадваюцца ў 1420-х гг.). Першыя ўладальнікі: Нявера Валчкевіч, Івашка Іллініч (з 1477 г.), Юрый Іллініч, Ян і Шчасный Іллінічы. Пасля згасання роду Іллінічаў населены пункт пераходзіць у валоданне магнацкага роду Радзівілаў. У 1521 г. упамінаецца як мястэчка.

Мясцовыя жыхары лічаць, што Чарнаўчыцы (як і суседнія вёскі Чэрні і Чарнакі) атрымалі сваю назву ад Мікалая Радзівіла Чорнага, знакамітага прадстаўніка магнацкага роду, аднак у гэтай версіі ёсць шмат пытанняў: Мікалай Радзівіл Чорны, як вядома, нарадзіўся ў 1515 г. (Мянушку «Чорны» ён атрымаў з-за колеру сваёй барады, чым адрозніваўся ад свайго стрыечнага брата, вялікага гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла), а паселішча з такой назвай згадвалася мінімум на пяцьдзясят гадоў раней яшчэ пры валоданні Валчкевічаў.

Ёсць і іншыя версіі:

1. Наяўнасць тут чорнай зямлі, адсюль, і назва – Чарнаўчыцы.

2. Чэрні (тэрміналагічны варыянт паходжання) – зараслі алешыны, вярбы. На карысць гэтай версіі можа выступаць той факт, што Чарнаўчыцы былі акружаны такімі лясамі і ў цяперашні час у акрузе захаваліся невялікія альховыя гаі.

3. Магчыма, сяло належала чалавеку па прозвішчы Чарнаўчыц, аднак дакументальных пацверджанняў гэтаму няма.

Пры Радзівілах Чарнаўчыцы сталі цэнтрам графства і аб'ядноўвалі 40 вёсак. У 1583 г. сын Мікалая Радзівіла Чорнага Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка пачынае будаўніцтва ў Чарнаўчыцах Касцёла Святой Тройцы, за 1 год да фундацыі знакамітага Фарнага касцёла ў Нясвіжы. Дарэчы, даволі цікавы факт: званіца касцёла аддалена нагадвае знакамітую гарадскую вежу, размешчаную поруч Фарнага касцёла ў Нясвіжы.

9 055140662236d927c53c18e969c16c38.jpg

Касцёл захаваўся да нашых дзён. Храм знаходзіцца ў цэнтры, прамінуць яго немагчыма.

У інтэр'еры храма прадстаўлены гербы роду Радзівілаў, гатычныя скляпенні, нервюры, ляпніна, скульптуры Св. Дамініка, Укрыжавання, а таксама арнат са слуцкім поясам. Яшчэ нядаўна касцёл меў дах, перакрытую дашчанай пліткай – так званай "гонтай", што дадавала помніку выгляд незвычайнай аўры даўніны, сёння касцёл мае больш сучаснае і простае афармленне.

Траецкі касцёл у сваіх творах успамінаў Уладзімір Караткевіч. Знакаміты пісьменнік спецыяльна прыязджаў сюды, каб на свае вочы ўбачыць помнік старажытнабеларускага дойлідства. Сваё запіскі ён прадставіў у выдатным творы "Званы ў прадоннях азёр".

З XVI ст. у Чарнаўчыцах з'яўляюцца гандляры, купцы, рамеснікі, а ў 1718 г. мястэчка нават атрымлівае Магдэбургскае права і герб. На жаль, дакументальных сведчанняў гэтай падзеі захавалася даволі мала, і да гэтага часу невядома, якім менавіта гербам карысталіся Чарнаўчыцы.

На сярэдзіну XIX стагоддзя прыходзіцца заняпад мястэчка. На стыку XIX–XX стагоддзяў, калі ў мястэчку быў арганізаваны завод крыштальных вырабаў і фельчарскі прыёмны пакой, адкрыты народнае вучылішча і швейная майстэрня, сітуацыя стала значна паляпшацца. Зараз у Чарнаўчыцах каля двух з паловай тысяч жыхароў.

10 c5ddfa831fd8294cbf1225728d9044ce.jpg

Цікавым помнікам народнага дойлідства з'яўляецца Чарнаўчыцкая Царква Святой Параскевы Пятніцы, пабудаваная ў 1733 годзе. Паводле непацверджаных звестак, царква закладзена 10 лістапада ў дзень ушанавання святой Параскевы, таму і атрымала такую ​​назву. Размешчаны дадзены архітэктурны помнік у цэнтры вёскі. Верагодна, царква закладзена мясцовым дойлідам у народных матывах, аднак мела модныя на той момант рысы стылю барока. Перад уваходам у царкву знаходзіцца званіца. Царква значна пацярпела ад пажару ў 1987 годзе, тады былі страчаны дах і іканастас ХІХ стагоддзя. Пасля пажару храм быў адноўлены ўжо з рысамі псеўдарускага стылю.

2019-03-02-9--DJI_0309_1330.jpg

Адносна нядаўна Чарнаўчыцы папоўніліся яшчэ адной славутасцю: выставай макетаў самалётаў Другой Сусветнай вайны, якая змясцілася ў вясковым падворку мясцовага жыхара Вячаслава Жыгала. Тут прадстаўлены копіі амаль усіх самалётаў, якія лёталі ў часы вайны, як савецкіх, так і нямецкіх. Пабачыць іх можна, спыніўшыся каля дома Вячаслава, а калі пашанцуе, то і сам гаспадар можа правесці экскурсію па сваёй выставе.

Апошнім прыпынкам “Брэсцкай Швейцарыі” стане вёска Дружба, якая раней мела назву Скорбічы. Сёння гэта невялікая, амаль непрыкметная вёска непадалёк ад Брэста, размешчаная на рацэ Лясной, але было так не заўсёды. Упершыню Скорбічы узгадваюцца ў 1449 г. у Літоўскай метрыцы. Паводле краязнаўца Віктара Місіюка, назва вёскі паходзіць ад гарбарнай прамысловасці. У мясцовым фальклоры Скорбічы згадваюцца ў прыказцы: «Скорбичі приніс чорт у торбочці, поставив над річкою і то не рукою».

Непадалёк ад вёскі размешчаны тры важныя помнікі археалогіі. Першыя археалагічныя даслеванні тут адбыліся ў 1880-х гадах. Тагачасныя даследчыкі К. Ягмін і З. Глогер адшукалі пахаванні вельбарскай культуры (III–IV стагоддзі) на зарубінецкім могільніку. Тут было знойдзена 10 фібул і 40 шкляных і каменных пацер.

У выніку раскопак, праведзеных І. Русанавай у 1966 г. і Т. Каробушкінай у 1980 і 1985 гг, было выяўлена яшчэ адно паселішча, якое датуецца IV–II стст. да н.э.

Яшчэ адзін аб’ект – славянскае паселішча на поўнач ад вёскі (ІХ–Х ст.) выяўлена археолагам Ірынай Русанавай. Знаходкі са Скорбічаў захоўваюцца ў Дзяржаўным археалагічным музеі (Варшава), Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Мінск), Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі (Брэст).

У міжваенны час у вёсцы дзейнічала ўкраінская “Просвіта”, і штаб КПЗБ, а ў часы вайны тут існаваў пункт супрацьпаветранай аховы вермахту.

У 1960 г. у вёсцы адбыўся мацнейшы пажар, які выпаліў палову населенага пункту, па ўзгадках старажылаў свячэнне агню было відаць нават у прадмесцях Брэста.

Праз год Скорбічы былі аб’яднаны з суседняй вёскай Гушчары, населены пункт пачаў адбудоўвацца, але ўжо пад новай назвай.

Сёння, завітаўшы ў вёску, можна пазнаёміцца з мясцовымі архаічнымі ландшафтамі, маляўнічымі берагамі ракі Лясной, будынкамі сялянскіх хат, некаторым каля 100 гадоў, будынкам былой школы. Адсюль праз некалькі кіламетраў аўтамабільная дарога з вызначанай рысай для праезда ровараў вяртае нас у Брэст.

На гэтым наша падарожжа завершанае. Агулам веламаршрут займае працягласць каля 51 км. Найбольш прываблівым часам для вандроўкі з’яўляюцца летнія месяцы, а таксама залатая восень.

Источник: planetabelarus.by

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.