Колькі лебедзяў, чаек і качак сёлета зімавала ў Беларусі?

0 1289 22 Апр 2019
Сёлета падчас улікаў налічылі 27 387 птушак 32 відаў. Каго з птушак было найбольш і якія цікавыя віды былі заўважаны?

Protasenya-20-yanv-3_800.jpg

Качкі-крыжанкі ў палёце. Фота Мікалая Пратасені

У студзені ў многіх краінах свету традыцыйна праходзяць зімовыя ўлікі вадаплаўных і каляводных птушак. У гэты час птушкі канцэнтруюцца і іх можна больш-менш дакладна палічыць і даведацца, у якім стане знаходзяцца розныя віды і папуляцыі. У Беларусі ўлікі ладзяць АПБ разам з НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, да акцыі звычайна далучаюцца дзясяткі валанцёраў.

Protasenya-07-yanv-2_800.jpg

Вялікі баклан. Фота Мікалая Пратасені

Рэдкасці на зімоўцы

АПБ заклікала ўсіх выйсці да найбліжэйшых незамерзлых вадаёмаў: рэчак, азёраў, ставоў – і пералічыць птушак. Той, хто аднойчы паспрабаваў займацца ўлікамі, звычайна далучаецца і на наступны год: такая птушыная прагулянка вельмі цікавая, а да таго ж дапамагае вучоным і прыродаахоўнікам сабраць патрэбную інфармацыю. Многім хочацца заўважыць які-небудзь рэдкі від. 

Падчас апошніх улікаў адзначылі сем відаў, якіх не было ў мінулых: качка-неразня, нырок-плёсаўка, нырок-маранка, вялікі баклан, балотны лунь, жоўтаногая і чорнагаловая чайкі. Два віды з мінулых улікаў у апошнія не патрапілі: вялікі бугай і гусь-гуменніца. Зорачка ў табліцы побач з назвай нагадвае, што назіранні яшчэ патрабуюць пацверджання арніталагічнай фаўністычнай камісіяй.

Хто сустракаецца на зімоўцы часцей за ўсё?

Gorovaya-20-yanv-3_800.jpg

Качкі-крыжанкі, як заўжды, першыя па колькасці. Фота Таццяны Гаравой

Тройка «лідараў» змянілася ў параўнанні з мінулым годам. Лебедзяў-шыпуноў налічылі менш у паўтара разы, і яны «спаўзлі» з другога радка на чацвёрты. Комплекс відаў чаек клыгун-рагатуха па ўлічанай колькасці вырас чатырохкроць і заняў другі радок супраць трэцяга ў мінулагодніх уліках. На трэцім радку апынуўся звычайны гогаль, якога налічылі ўтрая больш, і ён са значным адрывам апярэдзіў лебедзя-шыпуна. На першым месцы — на дзіва стабільна па колькасці — качка-крыжанка. 

Максім Нямчынаў, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях:

Па шматлікіх відах выніковая колькасць дужа залежыць ад таго, ці трапяць ва ўлік буйныя канцэнтрацыі птушак. Найхутчэй менавіта гэтым у першую чаргу тлумачацца значныя змены колькасці відаў у «першай пяцёрцы». Адначасова маглі мець уплыў і іншыя фактары: ваганні колькасці папуляцый птушак, пераразмеркаванне ў прасторы (па вадаёмах) праз розніцу ў надвор’і і г. д. Менавіта для больш поўнага і карэктнага разумення гэтых суадносін і важна мець адначасовыя звесткі з усёй тэрыторыі краіны. Таму АПБ запрашае ўсіх далучацца да штогадовай кампаніі па ўліках водных і каляводных птушак на зімоўцы і шчыра дзякуе ўсім, хто ўжо бярэ актыўны ўдзел!

Усяго ж сёлета на зімоўцы налічылі 27 387 асобін 32 водных і каляводных відаў птушак. У мінулым годзе колькасць склала 24 897 і 27 адпаведна.

Найбольшая колькасць птушак налічаная ў Мінску і раёне, вялікія колькасці (больш за тысячу) таксама адзначаны ў Брэсце і раёне, на Навалукомскім вадасховішчы, рацэ Лясной.

Параўнальную табліцу з вынікамі ўлікаў 2019 і 2018 гадоў можна спампаваць тут.

Дзякуй удзельнікам зімовых улікаў!

АПБ атрымала 51 анкету ад 18 аўтараў, агульны ўдзел склаў 215 чалавека-улікаў. НПЦ НАН РБ па біярэсурсах шчыльна ахапіў Мінск і раён намаганнямі 17 чалавек — супрацоўнікаў і валанцёраў. 

DSCN5437_800.jpg

Сябры клуба АПБ «Крылаты дазор» праводзяць улікі вадаплаўных. Фота Ірыны Бірынай-Паўлавай


Крыніца: ptushki.org

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.