Злачынствы супраць дзікіх птушак будуць расследаваць з дапамогай адбіткаў пальцаў на пёрах

0 1045 19 Янв 2015

Даследчыкі з універсітэту Abertay у Шатландыі прапанавалі новы эфектыўны метад, які дазваляе бачыць адбіткі пальцаў на пёрах птушак. Ён можа ў значнай ступені дапамагчы ў расследаванні іх забойстваў або атручанняў, асабліва драпежных птушак, злачынствы супраць якіх сталі параўнальна частымі на Брытанскіх астравах, паведамляе birdwatch.by.

Добра вядома, што крыміналісты і дэтэктывы паспяхова выкарыстоўваюць адбіткі пальцаў з 1892 года для вызначэння тых людзей, якія падазраюцца ў здзяйсненні злачынстваў. Аднак паверхня, з якой сляды дотыку пальцаў з індывідуальным малюнкам пальцавых ліній могуць быць сфатаграфаваныя ці нават заўважаныя, звычайна абмяжоўваліся гладкімі і цвёрдымі аб’ектамі. Да гэтага часу на шкарлупінні і, асабліва, на пёрах птушак, заўважыць іх не атрымлівалася.

Новы метад з выкарыстаннем флуарэсцэнтнага парашку і лазера, дазваляе ўбачыць і зафіксаваць адбіткі пальцаў той асобы, якая брала птушку альбо яйка ў рукі.

Навукоўцы паспяхова выкарысталі свой метад, каб знайсці і сфатаграфаваць адбіткі пальцаў на пёрах шуляка-карагольчыка, канюха-мышалова, чырвонага каршуна, пустальгі, арла-маркута і арлана-белахвоста — тых відаў птушак, якія найбольш часта становяцца ахвярамі нелегальнага знішчэння паляўнічымі-браканьерамі і арганізатарамі паляванняў у Вялікабрытаніі. Па дадзеных RSPB, толькі ў 2013 годзе адстрэл, атручванне ці забойства драпежных птушак з дапамогай пастак было зафіксавана ў больш чым 120 выпадках.

Прычына смерці птушак звычайна вядома альбо параўнальна проста выяўляецца. Аднак знайсці злачынцу нашмат цяжэй. Новая тэхналогія дазволіць як мінімум знайсці таго, хто трымаў птушку ў руках, калі не адразу затрымаць таго, хто яе забіў.

 

Паводле www.bbc.co.uk (тэскт і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.