Ноч ваўкоў анлайн і ў лесе — далучайся!

0 138 23 фев 2021

Другі ваўчыны фестываль ад АПБ адбудзецца 27 лютага ў новым дэцэнтралізаваным фармаце  — абраць месца ўдзелу кожны можа самастойна. Лекцыі будуць анлайн, а на экскурсіі з гідамі да сябе запрашае Белавежская пушча і аграсядзібы краіны.

За адукацыйную частку фестывалю адказваюць спікеры, большасць з якіх займаецца вывучэннем ваўкоў дзеля захавання іх папуляцыі ў сваіх родных краінах і ў свеце. Кожная з чатырох лекцый — гэта гісторыя ваўчыных папуляцый у асобным рэгіёне.

Фатограф National Geographic Ронан Донаван прэзентуе аўтарскі фільм пра арктычных ваўкоў, якія ніколі не ведалі пераследу з боку чалавека. Даследчык з Ірландыі Адам Сміт раскажа пра знікненне ваўкоў у яго краіне і ці ёсць надзея на іх вяртанне. Прафесар Фрайбургскага ўніверсітэта ў Германіі Марка Хойрых падзеліцца досведам таго, як аднаўлялі папуляцыю ваўка ў нацпарку “Баварскі лес”. Гісторыі з жыцця беларускіх ваўкоў раскажа каардынатар праграм Франкфурцкага заалагічнага таварыства ў Беларусі, заснавальнік Воўчага блога Віктар Фянчук.

Ідэя другой, афлайнавай часткі Начы ваўкоў у тым, каб людзі сабраліся невялікімі групамі на ўлонні прыроды, у аграсядзібах ці іншых месцах паблізу лесу. Пасля прагляду лекцыйнай часткі іх чакаюць начныя экскурсіі па лесе з ліхтарыкамі, пошукі слядоў ваўка і іншыя заданні ваўчынага квэста. На асобных лакацыях будуць правадыры — гіды. Астатнія змогуць арганізаваць лясную прагулку самастойна.

Галоўны ваўчыны штаб будзе ў Белавежскай пушчы, але павітацца з аднадумцамі змогуць і госці іншых ваўчыных штабоў — аграсядзіб, якія вырашылі далучыцца да Начы ваўкоў. На мапе ужо з’явіліся асобныя лакацыі, але спіс будзе папаўняцца амаль да самой падзеі. У тым ліку за кошт тых аграсядзіб, якія прапанаюць сябе самі. Гаспадары аграсядзіб, глядзіце спіс патрабаванняў.

Праграма Начы ваўкоў 27 лютага:

  • да 14 гадзін — збор у маленькіх групах на аграсядзібах, у Белавежскай пушчы і іншых лакацыях каля лесу;
  • 30 — пачатак анлайн-трансляцыі;
  • пасля 19.00 — экскурсія па начным лесе з гідамі ці самастойна;
  • каля 21.00 — вячэра каля вогнішча, каб сагрэцца пасля прагулкі і абмеркаваць свае ўражанні.

Заказвай месца ў аграсядзібе ці гасцініцы каля лесу, каб адчуць усю атмасферу Начы ваўкоў!

Рэгіструйся на Ноч ваўкоў на wolfnight.vouk.by.

Асобная форма рэгістрацыі для аграсядзіб тут.

Арганізатар Начы ваўкоў — грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Мерапрыемства адбываецца пры падтрымцы нацыянальнага парку “Белавежская пушча” і Франкфурцкага заалагічнага таварыства.

Источник: ptushki.org

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.